Лепшы выканаўца ігры на барабане


На ІІ фестывалі этнічных культур «Кліч Палесся», які ў канцы жніўня праходзіў у вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, наш музыка Генадзій Здор быў прызнаны лепшым выканаўцам ігры на барабане.


Генадзій Мікалаевіч да выхада на пенсію працаваў у Ельскім РАНС, а зараз працуе сторажам у Дэпартаменце аховы. Мы вырашылі высветліць, адкуль у ельчаніна такія здольнасці, ці даўно ён захапляецца ігрой на музычных інструментах.


–  Музыкай я захапляюся з дзяцінства. У свой час скончыў Ельскую музычную школу па класу труба, потым – вучылішча культуры ў Магілёве (па спецыяльнасці «харавое дырыжыраванне»). Разам са мной вучылася ў Магілёве Іна Афанасьева – зорка сучаснай беларускай эстрады.


А ўдарнымі інструментамі «захварэў» дзякуючы  Валерыю Гейхману, які, можна сказаць, далучыў мяне да цудоўнага і непаўторнага свету культуры – такога прыцягальнага і прывабнага для таго, хто мае добры густ і вакол бачыць хараство. Валерыя Якаўлевіча я лічу «хросным бацькам» у сваім культурным жыцці.


У юнацтве я вельмі любіў іграць на гітары, але ў вакальна-інструментальным ансамблі «Бармалей» іграў на ўдарных. І вось ужо болей дваццаці гадоў з’яўляюся ўдзельнікам народнага ансамбля «Ялінка». Спачатку быў вакалістам і ахвотна ўдзельнічаў у падтанцоўцы, а ў апошнія гады перайшоў у музычнае суправаджэнне – іграю на барабане, бубне… «Ялінка», народная музыка – гэта неад’емная частка майго жыцця.


Жанна Найман



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *