«А ў колерах гэтых і сэнс, і пачуцці мае…»


«Палескія матывы» – выстава жывапісу пад такой назвай праходзіць у выставачнай зале Ельскага краязнаўчага музея. Тут прадстаўлены карціны двух мазырскіх мастакоў – Мікалая Дубровы і Генадзя Уханава.


Палессе – край непаўторны. Многіх паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў прывабліваюць прырода, людзі, традыцыі гэтай часткі Беларусі. І кожны з іх знаходзіць для сябе штосьці цікавае. Палессе натхняла і натхняе мастакоў на стварэнне розных вобразаў, часам нават супярэчлівых, але па-свойму цікавых і запамінальных.


Калі я глядзела на карціны Мікалая Дубровы, іх хацелася «адгадаць». Так, можа, гэта і дзіўна гучыць, але такія палотны не дзеля любавання, а больш для разважання.


Напрыклад, «Пахмурны дзень». Якім уяўляецца такі дзень? Непагадзь. Туга. Шэрасць… А вось мастак убачыў гэты дзень чорна-белым…


«Журавінавае балота» – гэта сапраўды палеская багна, непралазная, беспрасветная, але яна вабіць і, можа, не столькі тымі журавінамі, сколькі сваёй загадкавасцю, таямнічасцю…


А сколькі ўсяго пабачылі на сваім вяку старажытны замак і юравічскі храм з аднаіменных палоцен!?


Розныя пытанні ўзнікаюць, калі глядзіш на своеасаблівыя карціны Мікалая Дубровы. 


Пейзажы Генадзя Уханава адлюстроўваюць сціплую прыгажосць і зачараванне палескай зямлі. «Першы сняжок» , «Зіма», «Затока на Прыпяці», «На замкавай гары» і іншыя работы мастака – гэта не проста адлюстраванне акаляючага свету, гэта замілаванне прыродай і нават тымі звычайнымі момантамі і з’явамі, да якіх мы прывыклі і перасталі бачыць у іх чароўнасць.  


Марына СУГАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *