Я проста вельмі хачу працаваць


Такімі словамі распачала пра сябе расказваць малады спецыяліст, упраўляючы справамі Засінцаўскага сельскага выканаўчага камітэта, абаяльная і шчырая дзяўчына Кацярына Дашук.


– Вёска Засінцы, аддаленая ад райцэнтра, мяне не спалохала, – расказала пры сустрэчы Кацярына. – Сама я таксама нарадзілася ў вёсцы, таму нічога новага і надзвычайнага не здарылася, калі пасля размеркавання я трапіла ў Ельскі раён. Канешне, хацелася застацца ў горадзе, але ж лёсам мне было наканавана іншае. І я ніколькі не расчаравалася, таму што ў мяне заўжды было вялізнае жаданне працаваць, а дзе – не самае галоўнае.


Дзяўчына, набыўшы спецыяльнасць эканаміста-менеджара ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны, на пасадзе дзяржслужачага – упраўляючага справамі Засінцаўскага сельвыканкама не разгубілася. Галоўнае, сцвярджае яна, наладзіць добрыя ўзаемаадносіны з людзьмі, не быць раўнадушнай да тых праблем і пытанняў, з якімі яны ідуць да мясцовай улады.


У Засінцах Кацярыну Дашук прынялі добразычліва: цёпла сустрэлі ў калектыве, выдзе-лілі дом з усімі выгодамі. Мэблю, праўда, дзяўчына прывезла сваю, ужо і пра дровы на зіму паклапацілася – выпісала ў мясцовым лясніцтве. На зарплату дзяўчына не скардзіцца, ёй адной хапае. Нават з усмешкай успамінае, куды патраціла першыя заробленыя грошы.  «Купіла падарункі і гасцінцы сваім родным – маленькай пляменніцы і сястры на юбілей,» –  прызналася Каця.


У вольны час малады спецыяліст не сумуе. Раз у месяц выпраўляецца на радзіму да бацькоў, гасцюе на выхадных у іх. У Засінцах таксама заўсёды знаходзіць сабе занятак: любіць гатаваць розныя смачныя стравы, глядзіць гістарычныя фільмы, сустракаецца з іншымі маладымі спецыялістамі, якіх у вёску ў гэтым годзе прыехала вельмі многа. У будучым Кацярына  марыць набыць яшчэ адну спецыяльнасць – псіхолага, таму сур’ёзна  знаёміцца са спецыяльнай літаратурай. І яшчэ адзін любімы занятак ёсць у дзяўчыны: яна піша вершы, у якіх знаходзяць адлюстраванне ўсе яе эмоцыі і пачуцці.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *