З надзеяй на дзень заўтрашні

Общество

У кожнай вёсцы ёсць людзі, якімі могуць ганарыцца ўсе: хтосьці быў перадаві-ком у працы, хтосьці лепш за іншых спяваў і танцаваў, хтосьці майстрам на ўсе рукі слыў… У вёсцы Вярхі, якая знаходзіцца амаль на мяжы Ельскага раёна з Мазырскім, таксама жывуць такія адметныя людзі. Сярод іх сям’я Аляксея Мікалаевіча і Вольгі Гардзееўны Трошка.


Аляксей Мікалаевіч усё жыццё быў перадавым механізатарам у саўгасе «40 гадоў Кастрычніка», штогод узнагароджваўся граматамі. Самай важнай для сябе лічыць былы механізатар Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР, а  званне «ўдарнік пяцігодкі» за ўвесь час працы ў калгасе Аляксей Трошка насіў пастаянна. Больш за трыццаць гадоў працы на «жалезным кані» – трактары –Аляксей Мікалаевіч вывучыў дасканала ўсе «прыхаці» гэтай тэхнікі.


Жонка Аляксея Мікалаевіча Вольга Гардзееўна таксама працавала ў сельскай гаспадарцы – даіла на ферме ў Вярхах кароў.


У Вярхах гаспадары Трошка жывуць увесь час: абодва тут нарадзіліся, выраслі, не шукалі лепшай долі на чужыне. Жывуць разам ужо больш, чым паўстагоддзя.


– Добра я сваё жыццё пражыла, – расказвае Вольга Гардзееўна, – надта ж дзед у мяне добры. Усё ў руках яго гарыць, за што не возьмецца. У маладосці дачакалася яго з арміі, тады і пажаніліся.  Як  успомню, як мы спявалі і танцавалі з дзедам маім на пару!


Сапраўды, усё ў двары Трошкаў зроблена па-гаспадарску, на вякі. Каля двара гаспадар зрабіў пабудову са сталом і лаўкамі, якая служыць для вяскоўцаў і «залай чакання» аўталаўкі, і глядзельнай залай, калі канцэрты з раёна прыязджаюць, і проста месцам, дзе можна пася-дзець і адпачыць, асабліва цёплымі летнімі вечарамі.


У сям’і Трошка вырасла трое дзяцей: дачка Ніна (жыве ў Кіеве), дачка Таня  (жыве ў Мазыры) і сын Коля (жыве ў Ельску). Унукаў у Вольгі Гардзееўны і Аляксея Мікалаевіча ўжо шасцёра, а праўнукаў – сямёра. Калі ўсе разам збіраюцца ў бацькоўскую хату, шуміць-гамоніць хата вясёлымі галасамі на ўсе лады. Праўда, дачка, якая жыве ва Украіне, прыязджае з сям’ёй радзей, а мазырскія і ельскія наведваюцца даволі часта, дапамагаюць бацькам ва ўсім. Клапоцяцца дзеці і пра тое, каб прыгожа ў бацькоўскім двары было: клумбы зрабілі, дзе кветкі ўсё лета буяюць, парадак і ў двары дапамагаюць падтрымліваць.


Вольга Гардзееўна і Аляксей Мікалаевіч жывуць надзённымі клопатамі і турботамі, не  сумуюць доўгімі восеньскімі вечарамі, заўжды знаходзяць сабе занятак, спадзяюцца, што Бог дасць сіл і на дзень заўтрашні.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *