Галоўнае – у пары жыць

Общество

У вёсцы Мікалаеўка зараз засталося ўсяго 7 чалавек. Жылыя хаты па пальцах пералічыць можна, астатнія засталіся як напамінак пра колішніх сваіх гаспадароў. У першай хаце вёскі, ля самай дарогі, жывуць Алена і Анатоль Трошка.


– Жанчыны з вёскі па-добраму зайздросцяць нам, – смяецца Алена Якаўлеўна, – кажуць: добра вам там, весела – машыны па дарозе ездзяць! А мы прывыклі жыць тут, прызвычаіліся да таго, што людзей рэдка бачым, да аўталаўкі, якая ўсё неабходнае прывозіць. Калі чаго няма, дык дзеці прывязуць.
Мікалаеўка не была вельмі вялікай вёскай ніколі: у ёй толькі адна вуліца, ды і тая не мае назвы. Але ж ніводная хата там не пуставала, жылі людзі, працавалі, выхоў-валі дзяцей.  Цяпер жа тут засталіся толькі некалькі пенсіянераў.


– Калісьці першыя восем хат, – тлумачыць Анатоль Трошка, – называліся пасёлкам, а далей – сяло было. Казалі: мне на сяло схадзіць трэба. Раней жыццё тут кіпела, гаспадары па некалькі кароў трымалі. А цяпер усе пастарэлі, няма сіл гаспадарку трымаць. Вось у нас толькі парасяты, куры ды кролікі  засталіся.


Анатоль Уладзіміравіч працаваў, пакуль не пайшоў на пенсію, качагарам, а яшчэ раней – трактарыстам у мясцовай гаспадарцы. Гаспадыня яго – Алена Якаўлеўна – увесь час працавала ў Старавысокаўскім сельскім Савеце. Расказвае, што на работу – туды, назад, і на абедзенны перапынак – пешшу дабіралася (ад хаты сям’і Трошка да Старога Высокага – адзін кіламетр) і паспявала ўсюды, стомы не ведала. Цяпер жа здароўе не тое: рукі моцна баляць і сэрца непакоіць. Добра, што дзеці (дочкі  Святлана і Ліля і сын Уладзімір) жывуць блізка і часта бываюць у бацькоў, дапамагаюць і з гаспадаркай управіцца, і агароды дагледзець. Прыязджаюць дзеці са сваімі дзецьмі – шэсць унукаў маюць бабуля з дзядулем, ужо праўнукаў чакаюць.


Алена Якаўлеўна і Анатоль Уладзіміравіч не скар-дзяцца на жыццё ў Мікалаеўцы, кажуць, што галоўнае – разам быць, тады і адзіноце месца не будзе.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *