Школа нас аб’яднала

Образование

У Старавысокаўскім вучэбна-педагагічным комплексе «Яслі-сад – базавая школа» на сённяшні дзень вучыцца 33 вучні і 9 дзяцей – дашкольнікі. Абавязкі дырэктара гэтай установы адукацыі выконвае Кацярына Садольская, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці. Яна і расказала нам пра будні  і святы школы:


– Школа наша з нядаўняга часу стала зусім маленькай. Вучні 10 і 11 класаў, якія жывуць у Старым Высокім, зараз навучаюцца ў Зашырскай сярэдняй школе. А ў нас засталі-ся толькі дашкольнікі, малодшыя школьнікі і вучні сярэдніх класаў. Тым не менш, жыццё ў нашай школе кіпіць. Мы праводзім розныя агульнашкольныя і класныя мерапрыемствы, ладзім спартыўныя спаборніцтвы, удзельнічаем ва ўсіх раённых конкурсах. Цяпер актыўна рыхтуемся да навагодніх святаў. Школьныя вечарыны мы звычайна арганізоўваем з клубнымі работнікамі. З задавальненнем іх наведваюць не толькі вучні і іх бацькі, але і жыхары вёскі наогул.


Адной з адметнасцей Старавысокаўскай школы, адзначыла Кацярына Міхайлаўна,  з’яўляецца тое, што ў ёй працуюць цэлыя сямейныя пары настаўнікаў: Віталь і Валянціна Пагаевы, Кацярына і Валерый Садольскія, Ірына  і Валерый Лукашэвіч, Сяргей Калтунчык і Аксана Гукава. Некаторыя з іх аддалі школе больш за дзесяць гадоў, настаўнікі Садольскія – амаль дваццаць.


– Усе прыйшлі ў школу маладымі спецыялістамі, пазнаёміліся між сабой, перажаніліся, так і засталіся працаваць тут сямейнымі падрадамі, – працягнула далей Кацярына Садольская.


Яна і сама планавала застацца ў Старым Высокім на адзін год, а воляю лёсу засталася на ўсё жыццё. Маладой дзяўчынай Кацярына Міхайлаўна па размеркаванні пасля Мазырскага педінстытута (сама родам з Засінцаў) трапіла ў Старавысокаўскую школу, пазнаёмілася са сваёй другой палавінкай – Валерыем Францавічам, з якім і пачалі разам будаваць сямейнае жыццё.


– У нас адна тэма дома і на рабоце, – усміхаецца Кацярына Міхайлаўна, – школа. Часам нашы погляды на некаторыя спрэчныя пытанні разыходзяцца, але мы заўсёды знаходзім кампраміс. Для абодвух прафесія педагога – гэта святое. Мы з мужам ніколькі не шкадуем, што яе выбралі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *