Снег на галаву, праблемы пад ногі

Общество

Несціхаючыя снегапады, мяцеліца, галалёд наваліліся на гэтым тыдні на паўднёвыя раёны нашай краіны. Складаныя ўмовы надвор’я дабавілі шмат клопатаў дарожнікам, камунальнікам і наогул усім жыхарам Ельшчыны.


Снег вялізным слоем пакрыў зямлю, дахі будынкаў, наліп на электрычныя правады. Яго было так многа, што, здавалася, ніякая тэхніка не здолее расчысціць сцежкі і дарогі.


«Каб справіцца  са снегам і не дапусціць утварэння наледзі на праезнай частцы і пешаходных дарожках у горадзе Ельску, рабочыя КЖЭУП «Ельскае» вядуць расчыстку па некалькі разоў на дзень. Аднак нялёгкую працу камунальнікаў вельмі часта ўскладняюць няўдала прыпаркаваныя аўтамабілі, якія перашкаджаюць весці расчыстку прыдваравых тэрыторый у жылых мікрараёнах», – расказаў дырэктар КЖЭУП «Ельскае» Васіль Яцухна.


Як паведаміў Васіль Мікалаевіч, нават звароты да жыхароў дамоў, якіх мы загаддзя папярэджваем аб тым, каб яны ў пэўны час і дзень адагналі  транспарт у другое месца, не дзейнічаюць.


Спецыяльная тэхніка, малагабарытныя снегаўборачныя трактары не могуць «праціснуцца» паміж неахайна пастаўленымі аўтамашынамі. Адсюль і скаргі жыхароў аб няякаснай уборцы двароў у мікрараёнах горада. А між тым некаторыя вадзіцелі ігнаруюць свае абавязкі па расчыстцы праезнай часткі ад снегу на адлегласці не менш аднаго метра вакол  аўтамабіля. У выпадку невыканання гэтых патрабаванняў да парушальнікаў могуць прымяняцца меры адказнасці: штраф у памеры ад 500 тысяч да 2,5 млн рублёў. Уладальнік машыны, калі не можа ці не мае часу зрабіць гэту работу самастойна, можа звярнуцца ў КЖЭУП і заключыць дагавор аб аказанні яму такой платнай паслугі.


Яна Іванова



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *