Палессе стала радзімай


Падворак Марыі Рудэнка і Мікалая Целянцінава з вёскі Дзвіжкі вылучаецца сваёй чысцінёй  і ўпарадкаванасцю. Агародчык вычышчаны, сад дагледжаны, нідзе няма нічога лішняга. Усюды адчуваецца гаспадарская рука, адчуваецца, што тут жывуць працавітыя людзі.


– Дом гэты нам выдзеліў сельскі Савет, – расказала Марыя Васільеўна. – Мы сям’ёй прыехалі ў Беларусь у 1981 годзе. Спачатку пасяліліся ў кватэры двухпавярховага дома. А пазней нам далі асобны домік, дзе мы зараз і жывём.


Марыя Рудэнка прыехала сюды з Бранскай вобласці. Муж, працуючы на заводзе ў Міхалках, аблюбаваў беларускія краявіды і прапанаваў пераехаць у Беларусь. З таго часу Палессе стала другой радзімай для гэтай сям’і.


Больш за 30 гадоў адпрацавала гаспадыня даяркай на комплексе ў Дзвіжках, спазнала ўсе цяжкасці працы таго часу: штодзень пешшу дабіралася да фермы, карміла і даглядала жывёлу ўручную. Да таго ж вялікую гаспадарку ўвесь час трымала Марыя Рудэнка з гаспадаром дома. І зараз у іх ёсць конь, свінні, куры, абрабляюць больш за 60 сотак агарода.


Часта дапамагае справіцца з гаспадаркай сын Міхаіл, які з сям’ёю жыве тут, у Дзвіжках. Астатнія дзеці – далекавата: Саша – у Слуцку, Ігар – у Мінску. Ва ўсіх дзяцей ёсць свае дзеці: сямёра ўнукаў налічваецца ў Марыі Васільеўны. Калі з’едуцца да бацькоў усе разам, хата гамоніць вясёлымі галасамі на ўсе лады. Праўда, патрэбна дапамога па гаспадарцы – ніхто ніколі не адмаўляецца: ці сена накасіць, ці дроў на зіму нарыхтаваць, ці агарод абрабіць. Гуртом справы спорацца!


Доўгімі зімовымі вечарамі Марыя Васільеўна і Мікалай Дзмітрыевіч знаходзяць сабе занятак у хаце: падрамантаваць нешта па дому, паглядзець тэлевізар, зазірнуць да суседзяў. А з новай вясною прыйдуць і новыя сялянскія клопаты.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *