Другое нараджэнне пайшчыкаў

Общество

Мясцовых жыхароў Ельшчыны ўжо некалькі месяцаў супрацоўнікі райспажыўтаварыства актыўна запрашаюць стаць яго пайшчыкамі, што дае права купляць тавары па зніжанай цане. Зэканоміць пры пакупцы дарагіх тавараў можна значную суму. I заўважная эканомія – пры пакупцы параўнальна недарагіх тавараў.


Людзі  ва ўзросце бліжэй да пенсійнага і пенсіянеры са стажам, вядома, многае могуць расказаць аб паях і пайшчыках. У прыватнасці, пра тое, што пайшчык – гэта той, хто з’яўляецца «акцыянерам» гандлёвай сістэмы спажывецкай арганізацыі. Бабуля ці дзядуля можа нават знойдуць сярод асабістых дакументаў «кніжку» члена спажывецкага таварыства, куды трэба было ўклейваць спецыяльныя маркі, якія пацвярджалі вы-плату ўзносаў. За апошнія гарантаваліся асобныя ільготы пры пакупцы тавараў у крамах спажывецкай кааперацыі, права купляць у крамах «дэфіцыт». Аказваецца, і сёння жыхароў горада і раёна запрашаюць, як калісьці, уступаць у рады пайшчыкаў. Расказвае Зінаіда Прысяч, начальнік аддзела кадраў, ідэалагічнай і арганізацыйна-кааператыўнай работы Ельскага райспажыўтаварыства:


– Патэнцыяльнаму кандыдату на ўступленне ў рады пайшчыкаў трэба за-плаціць па сучасных мерках невялікі ўступны ўзнос – усяго 50 тысяч рублёў. Купіць нешта па зніжанай цане чалавек зможа толькі пры ўмове ўнясення поўнага памеру паю, на сённяшні дзень гэта 300 тысяч рублёў. Зразумела, патраціўшы на «пай» такую суму, даволі хутка гэтыя грошы можна кампенсаваць на эканоміі пры пакупцы тавараў.


– Колькі пайшчыкаў налічваецца на сённяшні дзень у раёне? Колькі з’явілася новых?


– Сёння ў Ельскім раёне ўжо звыш 9 тысяч пайшчыкаў. Новых пайшчыкаў з моманту дзеяння ільготы (з лістапада 2012 года) з’явілася больш за 20.  Між іншым, у пайшчыкі прымаюць грамадзян ва ўзросце ад 16 гадоў, і прытым жыхароў не толькі Ельскага раёна, але і сумежных раёнаў па іх заяве.


– Ці маюць права на ільготы тыя, хто быў імі многа гадоў назад?


– Так, былыя пайшчыкі маюць такія ж ільготы, як і новыя. Варта толькі прадаставіць паявую кніжку. Тыя, хто ў свой час уплаціў цалкам паявы ўзнос, але паявую  кніжку згубіў, могуць звярнуцца ў райспажыўтаварыства за яе аднаўленнем. Акрамя таго,  пайшчыкі, якія, напрыклад, раней унеслі толькі палову паявых узносаў, зараз могуць даплаціць астатнюю частку (гэта 150 тысяч рублёў) і карыстацца ўсімі ільготамі пайшчыка.


– У чым выгада пайшчыкаў? У якіх магазінах і што можна набыць па зніжанай цане?


– Адназначна, пайшчыкам быць выгадна. Напрыклад, у магазінах Ельскага райспажыўтаварыства многія нехарчовыя тавары (напрыклад, абутак, мэблю, ювелірныя вырабы, складанабытавая тэхніка і інш.) коштам ад 400 тысяч рублёў можна купіць па цане пайшчыка, зэканоміўшы 20 %.


– Ці распаўсюджваецца гэта на вясковых пакупнікоў?


– Так, ільгота распаўсюджваецца на ўсіх пайшчыкаў Ельскага раённага спажывецкага таварыства.


– Як набыць тавар па цане пайшчыка?


– Схема афармлення наступная. Пайшчык у магазін прыходзіць абавязкова з пашпартам і паявой кніжкай, выбірае тавар, потым у касе райспажыўтаварыства аплочвае яго кошт з улікам ільготы. I пасля гэтага можа забраць у краме пакупку.


– Якія вынікі «другога нараджэння пайшчыкаў» для Ельскага райспажыўтаварыства?


– За лістапад – снежань 2012 года перададзена тавараў пайшчыкам на суму амаль 200 мільёнаў рублёў і ўжо за студзень гэтага года – больш чым на 220 мільёнаў рублёў. У асноўным даспадобы жыхарам горада і раёна ювелірныя вырабы, мэбля, гаспадарчыя тавары, бытавая тэхніка, абутак і іншае.


Гутарыла Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *