Каровак-карміліц люблю ўсёй душой


Амаль шэсць тысяч кілаграмаў малака на адну фуражную карову надаіла ў мінулым годзе аператар машыннага даення КСУП «Ельскае Палессе» Ірына Сарокіна (на здымку). За добрыя паказчыкі і адданасць прафесіі Ірына Уладзіміраўна сёлета прадстаўляе сваю гаспадарку на падвядзенні вынікаў раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў Ельскага раёна за дасягнутыя лепшыя паказчыкі ў вытворчасці і сацыяльнай сферы за 2012 год.


Ірына Сарокіна жыве ў Кочышчах, працуе на новым малочнатаварным комплексе ў Жуках, у радзільным аддзяленні, – раздойвае кароў пасля ацёлу. Справа гэта складаная і адказная: да кожнай жывёлы патрэбна знайсці свой падыход, каб не нашкодзіць яе здароўю, а значыць і прадуктыўнасці.


– Адной кароўцы, напрыклад, – тлумачыць Ірына Уладзіміраўна, – трэба памасажыраваць вымя, другой


– прымяніць лекавыя сродкі, да трэцяй – проста загаварыць. І ўсім ім патрэбна людская ўвага, ласка і добрыя адносіны. Жывёла заўсёды адчувае, як людзі да яе адносяцца, асабліва калі баяцца. Здаралася, што і сінякі атрымлівала ад кароў, але ж наступны раз зноў смела да іх падыходзіла, і справы наладжваліся. Каровак-карміліц і прафесію сваю люблю ўсім сэрцам.


У групе Ірыны Сарокінай каровы знаходзяцца месяц–паўтара – да поўнага выздараўлення. Колькасць кароў вагаецца: так, на сённяшні дзень – 36, крыху раней было каля 80. Але вопытную даярку праца ніколі не палохала.


– Цяпер не так цяжка даіць, як раней, – прызналася жанчына, –  новая дойка – «ёлачка» – значна аблягчае работу, і малако цягаць не трэба: усё аўтаматызавана.


Шчырую працаўніцу паважаюць у калектыве. Загадчыца комплекса Ніна Дзянісава гаворыць пра Ірыну Сарокіну як пра аднаго з самых адказных і вопытных работнікаў комплекса, які выдатна ведае ўсе тонкасці сваёй прафесіі. Працалюбівасць і адданасць працы заўжды дапамагаюць жанчыне быць адной з лепшых не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і наогул у раёне.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *