Любімая работа Любові Мазурэнка


Нагрудны знак «Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі» у камунальным жыллёва-эксплуатацыйным унітарным прадпрыемстве «Ельскае» маюць пяць работнікаў. У ліку першых такой высокай узнагароды была ўдастоена некалькі гадоў назад Любоў Мазурэнка. 


Любоў Уладзіміраўна працуе на прадпрыемстве начальнікам планава-эканамічнага бюро. Агульны стаж яе працы складае 36 гадоў. Як пачыналася яе дзейнасць, Любоў Уладзіміраўна зараз успамінае з цёплай усмешкай.


Пасля заканчэння Мазырскага політэхнікума, а пазней і Беларускага інстытута чыгуначнага транспарту, нядоўга адпрацаваўшы ў адным з мінскіх БТІ, выйшаўшы замуж за ельскага хлопца Анатоля Мазурэнка, мазырская дзяўчына Люба накіравалася ў Ельск, які стаў для яе сапраўднай радзімай, ра-дзімай яе дзяцей. Спачатку дзяўчыну ўзялі на работу майстрам па добраўпарадкаванні, затым працавала эканамістам, пазней – узначаліла планава-эканамічнае бюро КЖЭУП «Ельскае».


Сваю работу жанчына вельмі любіць. За працяглы час працы на прадпрыемстве Любоў Мазурэнка заслужыла павагу і давер кіраўніцтва, аўтарытэт сярод супрацоўнікаў. Да любой справы  Любоў Уладзіміраўна ставіцца сур’ёзна і адказна. Такія асноўныя якасці, як дакладнасць і адказнасць, вызначаюць яе як высокакласнага, граматнага спецыяліста, прафесіянала сваёй справы.


Дома Любоў Мазурэнка – клапатлівая жонка, маці і бабуля. Усю цеплыню душы яна з любоўю аддае сваёй сям’і. Муж Любові Уладзіміраўны Анатоль Міхайлавіч працуе ў транспартнай інспекцыі на таможні. Дзеці – дачка і сын  – дарослыя: дачка з сям’ёю жыве ў Мазыры, сын – у Мінску. Уся сям’я час ад часу збіраецца разам, з задавальненнем разам адпачываюць. Асаблівую пяшчоту ў жанчыны выклікаюць унучкі, якія з задавальненнем гасцююць у бабулі з дзядулем у Ельску.


Ганна Булаўка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *