Караліны з каралінскага краю

Общество

Усім вядома, што Ельск раней называўся Каралінам. Назва прыгожая і запамінальная. Нядаўна мы паспрабавалі знайсці на Ельшчыне дзяўчат з такім жа мілагучным імем. Атрымалася, што прадстаўніц прыгожага полу з імем Караліна сярод нас не так ужо і многа.


Адна з самых маленькіх Каралін раёна – Караліна Коркуц – жыве ў вёсцы Кочышчы. Ёй толькі адзін год. Мама дзяўчынкі Алёна Мікалаеўна расказала, што імя дзіцяці выбіраў бацька. Яму вельмі падабалася імя Караліна. Калі нарадзілася дзяўчынка, іншых варыянтаў імені нават не разглядалася.


– Мне таксама імя Каралі-на даспадобы, – прызналася жанчына. – Я рада, што мы так і назвалі малую, дома яна ў нас – Каралёк, Каралінка. Імя прыгожае, спадзяюся, і лёс у яе будзе прыгожым і шчаслівым.
У сярэдняй школе № 2 горада Ельска ў першым класе вучыцца Караліна Гузоўская. Па словах маці Аксаны, такое імя ёй выбралі нездарма. Яшчэ ў час цяжарнасці, нават не ведаючы, хто народзіцца, маці вырашыла: будзе Караліна! І родны горад так называўся, і па жыцці хай дзяўчынка ідзе каралевай.


– Часта я заўважаю, – расказала Аксана Гузоўская, – што мая дзяўчынка паводзіць сябе часам, як маленькая прынцэса: любіць прымяраць мае завушніцы, святочныя сукенкі выбірае сабе толькі бальныя, нават кніжку на галаве стараецца насіць, каб постаць была роўная!


Яшчэ адна Караліна – Караліна Уласенка, вучаніца з 6 «А» класа СШ № 1  г. Ельска, расказала, што яе бацькі назвалі ў імя бабулі Караліны. Дзяўчынка ганарыцца сваім прыгожым іменем, таму што яно даволі рэдкае і адметнае.


Лічыцца, што імя Караліна азначае ў перакладзе з лацінскага «каралева» або «каралеўская». Як сцвярджаюць спецыялісты, якія займаюцца вывучэннем значэнняў уласных імён, ужо з самага ранняга дзяцінства Караліны імкнуцца трымацца далей ад дваравых гульняў, аддаючы перавагу больш арыстакратычным заняткам.


Звычайна Караліны – разумніцы, валодаюць добра развітай інтуіцыяй, вельмі любяць марыць і фантазіраваць. Дзяўчаты з такім імем – сапраўдныя модніцы. Ужо з юнага ўзросту ўважліва ставяцца да свайго гардэробу, сочаць за знешнім выглядам. Валодаюць здольнасцямі па канструяванні адзення і ў будучым могуць стаць цудоўнымі дызайнерамі або стылістамі.


Спадзяёмся, што ўсе Караліны (і не толькі з Караліна) будуць мець шчаслівы лёс, знойдуць сябе ў жыцці і адбудуцца як асобы!


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *