Лідар па надоях малака


7185 кілаграмаў малака – такі надой атрымала Галіна Струніна з КСУП «Саўгас «Камуніст» у мінулым годзе. Гэты паказчык стаў самым лепшым у раёне.


Галіна Струніна (на здымку) ўжо васямнаццаць гадоў працуе даяркай у радзільным аддзяленні малочнатаварнай фермы № 1 КСУП «Саўгас «Камуніст». Усе гэтыя гады жанчына – сярод лідараў па надоях малака сярод аператараў машыннага даення ў раёне. Усе гады (а агульны стаж у яе складае 35 гадоў) Галіна Анатольеўна вылучаецца сваёй адказнасцю і добрасумленнасцю, сур’ёзным стаўленнем да сваёй справы. Яна вельмі любіць каровак-карміліц, і яны адказваюць ёй узаемнасцю.


– Вельмі важна ў рабоце даяркі знайсці пэўнае ўзаемаразуменне з жывёлаю, – упэўнена Галіна Струніна. – Нельга ні крычаць на кароў, ні замахвацца на іх, ні біць ні ў якім разе. Любая жывая душа любіць ласкавае слова. Таму я імкнуся заўсёды па-добраму ставіцца да сваіх падапечных. Ім прыемна, калі я загавару да іх, памасажыруюю ім вымя, пагла-джу. Каровы тады і малака больш даюць, і руку паліжуць у знак падзякі.


Акрамя даення кароў у радзільным аддзяленні на МТФ, Галіна Струніна корміць малых нованароджаных цялятак. Кожнае цялятка яна поіць малаком  яго маці, вельмі любіць сваіх пестуноў.


У радзільным аддзяленні працуе і дачка Галіны Анатольеўны Надзея Струніна. Маладая дзяўчына набіраецца вопыту ў маці і старэйшых таварышак.


– Работа даяркі – адна з самых нялёгкіх у сельскай гаспадарцы, – адзначае Галіна Струніна. – Але калі знаходзіш падтрымку і паразуменне з іншымі даяркамі, брыгадзірам фермы і кіраўніцтвам гаспадаркі наогул, тады з вялікім задавальненнем ходзіш на працу. У нас, напрыклад, ніколі не ўзнікае спрэчных пытанняў з брыгадзірам Ігарам Таскучовым, галоўным заатэхнікам Вольгай Патапенка і дырэктарам «Саўгаса «Камуніст» Рыгорам Бабчанком. Гэта вельмі важна – жыць адзін з адным у ладзе.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *