Цэнтр выхавання моладзі


25 красавіка  ў Гомелі прайшоў першы абласны форум школьных музеяў, арганізаваны Гомельскім абласным цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. На форум былі запрошаны кіраўнікі ўстаноў адукацыі, кіраўнікі музеяў, настаўнікі.

На форуме былі падведзены вынікі работы музеяў. 7 лепшых  музеяў ўстаноў адукацыі вобласці  за дзейнасць па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню былі адзначаны лістамі падзякі Гомельскага ўпраўлення адукацыі. Прыемна, што такое прызнанне атрымаў і музей  Рамязоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы Ельскага  раёна.

Музей у Рамязоўскай школе быў адкрыты ў 1984 годзе і ствараўся працоўным калектывам на працягу доўгага часу. Першапачаткова музей быў задуманы як музей Ц.Я. Кіселёва, віднага дзяржаўнага дзеяча БССР, які да вайны  быў дырэктарам Рамязоўскай школы. Але з цягам часу ў музеі з’явіўся этнаграфічны аддзел, экспазіцыі «Ваенная і працоўная слава калгаса «Партызан», «Гісторыя Рамязоўскай сярэдняй школы». Зараз музей  адносіцца да разраду працоўнай і баявой славы. Ён – пераможца абласных конкурсаў музеяў, лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў.

Сёння школьны музей ў вёсцы Рамязы з’яўляецца цэнтрам выхаваўчай работы з моладдзю. Дзякуючы змястоўным даследчым матэрыялам у музеі праводзяцца тэматычныя інфармацыйныя гадзіны, сустрэчы з ветэранамі працы, выпускнікамі школы, мерапрыемствы, прысвечаныя розным гістарычным падзеям, гутаркі.

Аляксандр Смоляр



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *