Тутэйшыя мы…

Общество


Невялікая вёсачка Новае Высокае знаходзіцца на шашы, якая вядзе праз Старое Высокае ў аграгарадок Зашыр’е. Праязджаючы па вуліцы, звяртаем ўвагу на добраўпарадкаваныя драўляныя хаты і чыстыя прасторныя двары. Адразу відаць: жывуць тут сапраўдныя гаспадары. На адным з дамоў кінулася ў вочы шыльдачка: «Дом узорнага парадку». Гаспадарамі прыгожага дома аказаліся Марыя і Мікалай Батайчук.

– Тутэйшыя мы, – адказала на пытанне пра месца нараджэння гаспадыня «ўзорнага» дома. – І нарадзіліся, і выраслі, і пажаніліся тут. Я з аднаго канца вёскі, а дзед мой – з другога. І бацькі нашы, і дзеды тут жылі. Дзед майго мужа, Ярафей Адамавіч, у мясцовага пана кучарам служыў. Колісь тут маёнтак быў прыгожы, панскі сад… Вёска наша, хоць і называецца Новае Высокае, але ж ёй ўжо болей двухсот гадоў… Толькі вуліца раней знаходзілася ў другім месцы…

DSC_6131

Паведаміла Марыя Іванаўна і пра самаадданую працу ў калгасе, дзе яна да выхаду на пенсію даглядала цялят, а Мікалай Адамавіч шчыраваў на калгаснай ніве. Ён ўсё сваё свядомае жыццё аддаў нялёгкай механізатарскай справе. За ўдарную працу быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Шмат у яго медалёў і Ганаровых грамат. Падзякамі і Ганаровымі граматамі была адзначана і самаадданая праца перадавой целятніцы Марыі Батайчук.

І сёння, нягледзячы на сталыя гады і ўзроставую нядужасць, яны працягваюць працаваць на сваёй сядзібе. Куды ні глянь – усюды чысціня і парадак: і ў хаце, і на двары, і на агародзе… Як і падабае сялянам, трымаюць дапаможную гаспадарку: свіней, коз і курэй… Акрамя агарода, бульбу сеюць і ў полі (дзякуй калгасу: штогод выдзяляе надзел зямлі).

– Мы з Мікалаем, калі б маглі, яшчэ болей бы сеялі, – прызналася Марыя Іванаўна. – Толькі, на жаль, здароўе не дазваляе. І дзеці нашы (старэйшая дачка ў Бабруйску жыве, а сын і малодшая дачка – ў Мінску) кажуць, што хопіць працаваць, пара ўжо і адпачыць. Ды вось бяда – не ўмеем мы адпачываць, асабліва вясной.

Жанна Найман



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *