«Весялуха» дорыць свята


Колькі гумару, здаровага смеху і радасці прыносіць кожная сустрэча з удзельнікамі самабытнага гурту народнай песні «Весялуха» Старавысокаўскага цэнтра культуры і вольнага часу! Болей чвэрткі стагоддзя яны радуюць сваіх аднавяскоўцаў і жыхароў Ельскага раёна вясёлымі песнямі, гарэзлівымі прыпеўкамі і трапнымі байкамі. Кожнае выступленне гэтага ўнікальнага гурту – гэта сапраўднае свята народнай песні, яскравае гучанне змястоўнага і прыгожага беларускага слова.

– Нягледзячы на тое, што нашаму гурту народнай песні ўжо болей 25 гадоў, я яго лічу зусім яшчэ маладым, – гаворыць дырэктар Старавысокаўскага цэнтра культуры і вольнага часу Уладзімір Невяроўскі. – Састаў гурту на працягу гадоў не раз зменьваўся, аднак жа асноўны касцяк заўсёды заставаўся. Назва «Весялуха» з’явілася таксама нядаўна.

IMG_0404

Трэба адзначыць, што назва «Весялуха» адпавядае не толькі зместу песеннага рэпертуару гэтага сапраўды народнага калектыву, але і характарызуе амаль кожнага ягонага ўдзельніка. Мастацкі кіраўнік калектыву Валянціна Ляўкоўская, яна ж і кампазітар, і акампаніятар, – чалавек унікальны. Яе па праву можна назваць носьбітам нацыянальных традыцый і звычаяў, непаўторнага палескага гумару, бясцэннай скарбніцай народнай мудрасці і кемлівасці. Прыказкі і прымаўкі так і сыплюцца з яе вуснаў, на ўсе выпадкі жыцця ў яе прыпасены яскравыя і ёмістыя выразы. Не адстае ад свайго мастацкага кіраўніка і Любоў Уласенка – ідэйная натхніцелька песеннага гурту, якая таксама за словам у кішэню не палезе. На кожную гумарэску ў яе знойдзецца некалькі яскравых народных жартаў. Узмацняюць калектыў сваімі разнастайнымі талентамі і Тамара Загляда, і Кірыла Прыбора з непаўторнай манерай спеву, і абаяльная Ганна Матузка, якая валодае вельмі прыгожым голасам, і, канешне, сямейны дуэт – Галіна і Уладзімір Невяроўскія, пра якіх у вёсцы кажуць «культурныя людзі». Хацелася б дадаць, сапраўды культурныя людзі, прапагандысты беларускай народнай культуры.

«Весялуха» арганізоўвае незабыўныя святы для аднавяскоўцаў, актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці раёна – амаль ніводнае раённае мерапрыемства не абыходзіцца без гэтага цудоўнага калектыву.

Жанна Найман



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *