Яе лёс – фізічная культура


У Валаўскай сярэдняй школе настаўніцай фізічнай культуры працуе Марыя Ануфрыеўна Бяляк. З 1982 года і па сённяшні дзень першае месца працы – Валаўская школа – адзінае.

Марыя Ануфрыеўна – выдатны спецыяліст у сваёй прафесіі, яе любяць і паважаюць і дзеці, і калегі. Амаль усе школьнікі, былыя і цяперашнія выхаванцы настаўніцы, адным з любімых урокаў называюць урокі фізкультуры. І зусім не таму, што па фізкультуры не патрэбна выконваць цяжкіх дамашніх практыкаванняў, а таму што на ўроках Марыі Ануфрыеўны адчуваеш сябе лёгка, свабодна і ўпэўнена. Кожны вучань з аднолькавым задавальненнем здае спартыўныя нарматывы, гуляе ў рухомыя гульні і ўдзельнічае ў спаборніцтвах.

Любоў да спорту, фізкультуры і здаровага ладу жыцця ў Марыі Ануфрыеўны з’явілася яшчэ ў дзяцінстве. Яшчэ ў час вучобы ў Багуціцкай базавай школе (родам Марыя з вёскі Вішанькі) дзяўчына любіла ўрокі фізкультуры найбольш, паспяхова ўдзельнічала ў школьных і раённых спаборніцтвах. Яшчэ ў школе яна вырашыла звязаць свой лёс з фізкультурай, таму і паступіла пасля дзевяці класаў у Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. Пасля яго заканчэння папрасіла размеркаванне на радзіму – у Ельскі раён. Так маладая дзяўчына апынулася ў Валаўскай сярэдняй школе, у якой ужо працуе больш за тры дзясяткі гадоў.

За час сваёй шматгадовай сумленнай працы неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі  раённага і абласнога ўзроўню, была пераможцам раённага конкурсу «Настаўнік года фізкультуры». Але самая галоўная ўзнагарода, лічыць Марыя Ануфрыеўна, – удзячнасць і любоў вучняў. Многія яе выхаванцы таксама выбралі ў якасці сваёй прафесіі фізічную культуру.

Дачка Марыі Ануфрыеўны Вольга таксама выбрала прафесію маці: яна працуе выкладчыкам кафедры спартыўных дысцыплін у Гомельскім дзяржаўным універсітэце. Вольга паступіла ва ўніверсітэт у 2005 годзе на факультэт фізічнай культуры, пасля скончыла магістратуру пры ўніверсітэце і засталася тут працаваць. У час вучобы ў ВНУ дзяўчына сур’ёзна займалася гандболам, пасля пачала займацца лёгкай атлетыкай. Зараз з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту, двойчы была бронзавым прызёрам чэмпіяната рэспублікі па лёгкай атлетыцы ў кіданні кап’я.

На пытанне, чаму яна выбрала сабе фізічную культуру ў якасці прафесіі і асноўнай дзейнасці, Вольга адказала:

– Канешне ж, не без уплыву мамы. Мама прывіла любоў да заняткаў фізкультурай і спортам, навучыла выхоўваць у сабе вынослівасць, настойлівасць і цярпенне. Пра свой выбар у жыцці ніколькі не шкадую і, упэўнена, не пашкадую ў будучым.

Як расказала Марыя Ануфрыеўна, кожны яе дзень насычаны разнастайнай дзейнасцю: урокі фізічнай культуры, секцыі па валейболе, трэніроўкі вучняў па лёгкай атлетыцы. Акрамя гэтага, класнае кіраўніцтва ў 9 класе. Абавязкаў і работы ў настаўніцы вельмі многа. Але яе працалюбства, вопыт і загартаванасць характару дапамагаюць спраўляцца з усім гэтым проста на выдатна.

Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *