Чапаеўскі пустэльнік-дзівак


Адзіная ўцалелая хата ў былой вёсцы Чапаеўка схавалася паміж пышна-зялёнымі верхавінамі дрэў і кустарнікамі. Адразу можна і не заўважыць агароджу каля хаты, вулей-калоду ў куточку саду. На тое, што ў гэтай хаце хтосьці жыве, паказвала скошаная трава ля весніц, якіх амаль не відаць у зелені дрэў.

Пра жыццё на прыродзе ў Чапаеўцы

Гаспадар хаты, што павінна была быць знесена яшчэ ў тыя гады, калі вёска цалкам высялялася, выйшаў насустрач нам, супрацоўнікам раённай газеты і прадстаўнікам Старавысокаўскага сельскага Савета, з касой у руках: мабыць, абкошваў свае ўладанні. Васіль Якубавіч Жураўскі насцярожана павітаўся з намі, а калі зразумеў, што ніякай пагрозы наведвальнікі не прадстаўляюць, з задавальненнем расказаў пра сваё адзінокае жыццё-быццё ў вёсцы, якой няма на карце, і ў хаце, якой не павінна быць.
– Яшчэ ў 90-х гадах мне давялося вярнуцца на бацькаўшчыну з Украіны, каб дагледзець бацьку і маці, – расказаў Васіль Якубавіч. – У свой час яны не згадзіліся на перасяленне, засталіся да апошніх дзён на радзіме, іх лёс працягваю і я.

DSC_7623
Старшыня Старавысокаўскага сельсавета Марыя Алесіч патлумачыла, што Васіль Жураўскі – грамадзянін Украіны, там ён перыядычна бывае і атрымлівае пенсію. У хаце, дзе ён пражывае, ёсць электрычнасць, таму ад цывілізацыі ён не адрэзаны. Час ад часу Васіль Якубавіч бывае ў Старым Высокім, дзе купляе прадукты, плаціць за электраэнергію, набывае газеты. Работнікі сельсавета часам праведваюць дзівака-чалавека ў Чапаеўцы, цікавяцца яго жыццём.

Хата Васіля Жураўскага яшчэ даволі моцная, праўда, касметычны рамонт ёй не перашкодзіў бы. Але ж для гаспадара гэта не галоўнае. У двары ёсць калодзеж, прымайстраваны ўмывальнік, стаяць гаспадарчыя пабудовы, пасаджаны невялікія градкі, дзе расце бульба, часнок, цыбуля…

– Бяды нядаўна нарабілі мне калгасныя цяляты, – скардзіцца Васіль Якубавіч, – уварваліся ў мой двор і вытапталі ўсё ўшчэнт: і моркву, і бурачкі, і агуркі. Цяпер усё па-новаму трэба сеяць. Няхай бы вы пагаварылі з пастухамі, – звярнуўся ён з просьбай да Марыі Алесіч.

Забягаючы наперад, заўважу, што з пастухамі статку цялят, якія пасуцца недалёка ад Чапаеўкі, работнікі сельсавета пагаварылі па дарозе дадому. І мы сталі сведкамі гэтаму. Пастухі патлумачылі, што ў гэтай мясцовасці лю-дзей бывае мала, таму развялося шмат дзікіх звяроў. Яны і палохаюць цялят. А як могуць стрымаць напалоханы статак некалькі чалавек? Таму так і здарылася, што цяляты ўварваліся ў двор Васіля Якубавіча.

Нягледзячы на тое, што да дзвярэй хаты Васіля Жураўскага патрэбна прабірацца скрозь густыя зараснікі, каля ўваходу ёсць і зробленая рукамі гаспадара хаты прыгажосць: у старой бочцы, закапанай напалову ў зямлю, растуць духмяныя суніцы, водар ад якіх чуваць яшчэ здалёк. Больш Васіль Якубавіч у жыццё прыроды не ўмешваецца: нічога не вырубае і не вырэзвае. – Без прыроды чалавек – ніхто! – упэўнены апошні чапаевец.

Пра бацькоўскую хату і Радзіму

Па словах прадстаўнікоў мясцовай улады, Васілю Жураўскаму не аднойчы прапаноўвалі пераехаць жыць у якую-небудзь вёску, бліжэй да людзей, абяцалі выдзеліць жыллё. Гэты прыезд не стаў выключэннем.

– А на каго я гэту хату пакіну? – абяззброіў мясцовую ўладу Якубавіч.

Сваю спадчыну дзівак-чалавек не збіраецца пакідаць ніколі. Кажа, калі б не любіў Радзіму, не вярнуўся б сюды ніколі. Але родныя карані прыцягнулі да сябе.

– Мне вельмі крыўдна, што на маёй ра-дзіме людзі саромеюцца сваёй мовы – беларускай, – дзеліцца думкамі Васіль Жураўскі. – Я многа чытаю газет, бываю на Украіне, таму магу параўноўваць жыццё тут і там.

Пра дзяцей

На пытанне, ці ёсць родныя ў Васіля Якубавіча, ён адказаў:

– Каб хтосьці ў мяне быў, магчыма б, і жыццё маё склалася па-іншаму. Але я ні пра што не шкадую. Лічу, што лепш няхай не бу-дзе дзяцей, чым, як у многіх несумленных бацькоў, знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.

Пра халодную зіму і дровы

Расказаў Васіль Якубавіч і пра тое, як перазімаваў гэтую снежную зіму. Прызнаўся, што нялёгка прыйшлося: амаль месяц у магазін не мог схадзіць, давялося запасамі, зробленымі летам, харчавацца. І дроў многа пайшло. Цяпер жа з лета пачаў рыхтавацца да наступнай зімы, наконт дроў дамовіўся.

Звычайна за прадуктамі Васіль Жураўскі ходзіць у магазін у Старое Высокае або да аўталаўкі ў Лукаўцы, прыкладна раз у два тыдні.

– Я амаль вегетарыянец, мяса практычна не ўжываю. Праўда, хлеба многа ем, каб сілы былі, – сказаў ён. – Стараюся восенню грыбоў назапасіць, каб зімою выкарыстоўваць. Есці вару ў печы, лета стараюся раз у ты-дзень паліць. Больш ем салатаў з агародніны.

Магчыма, ад таго, што Васіль Якубавіч вось ужо два дзясяткі гадоў жыве сярод прыроды, харчуецца тым, што вырасціў сваімі рукамі, а не купленымі паўфабрыкатамі, ён і не выглядае на свае амаль восемдзесят. У суладдзі і гармоніі з прыродай, у адчуванні сябе яе частачкай апошні чапаевец не адчувае адзіноты, жывучы без людзей, у вёсцы, якой няма, у хаце, якая завяшчана продкамі.

P.S. Фатаграфавацца Васіль Жураўскі катэгарычна адмовіўся, але ж мы пастараліся зрабіць хоць некалькі здымкаў, каб паказаць жыццё чапаеўскага дзівака.

Ганна Гаўрылава



2 комментария по теме “Чапаеўскі пустэльнік-дзівак

  1. Вот это да!!! И в наши дни бывают отшельники???!!! Чудак-человек!!!

  2. Удивительно! Я тоже хочу пообщаться с этим отшельником!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *