Чалавек на сваім месцы


«Чалавек на сваім месцы…» Так у народзе гавораць пра работніка, які па сваім якасцям, ведам, уменням, адносінам да справы і людзей адпавядае займаемай пасадзе. Пад час гутаркі з чалавекам, пра якога мне даручана напісаць, – выхавацелем Ельскай дапаможнай школы-інтэрната Вягерай Уладзімірам Міхайлавічам – мяне не пакідала думка, што ён усё сваё свядомае жыццё імкнуўся быць чалавекам на сваім месцы.

Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут, дзе Уладзімір Міхайлавіч атрымаў прафесію настаўніка рускай мовы і літаратуры, пакінуў глыбокі след у яго жыцці. Менавіта ў сценах інстытута сустрэў ён цудоўную па знешнасці і душэўных якасцях дзяўчыну, якая за два гады да заканчэння ВНУ стала яго жонкай і з якой ужо сорак гадоў ён жыве разам у любві і згодзе.

Без-имени-1
Веды і ўменні, набытыя ў інстытуце, дазволілі яму вытрымаць сур’ёзны экзамен на прафесійную і чалавечую годнасць: яны з жонкай Валянцінай Уладзіміраўнай былі накіраваны на працу ў якасці настаўнікаў рускай мовы ў далёкую Манголію. Двухгадовую працу ў сярэдняй школе горада Тасон-Цэнгел гэтай цудоўнай краіны Уладзімір Міхайлавіч лічыць незвычайным падарункам лёсу.

Ураджэнец Ельскага раёна, Уладзімір Міхайлавіч звязаў далейшы лёс са сваёй малай радзімай. Дзесяць гадоў працы дырэктарам Бякоўскай васьмігадовай школы, два гады інспектарам школ Ельскага райаддзела адукацыі выпрацавалі ў яго прынцыпы, якімі ён кіраваўся ўсю сваю працоўную дзейнасць: добрасумленныя, кампетэнтныя адносіны да працы, супрацоўніцтва з калегамі, наладжванне з імі і дзецьмі дружалюбных адносін, любоў да дзяцей. І зноў падарунак лёсу: тагачасны другі сакратар райкама партыі Якаў Ліпскі даручае яму працу па стварэнню раённай кнігі «Памяць». Год з паловай напружанай працы ў архівах, апрацоўкі дакументаў прывялі да таго, што Уладзімір Міхайлавіч стаў адным з аўтараў і ўкладальнікаў гэтай строга дакументальнай і праўдзівай кнігі. Свой удзел у працы над кнігай Уладзімір Міхайлавіч лічыць асабістай данінай свайму роднаму краю, яго цудоўным людзям.

І яшчэ адзін падарунак лёсу: вось ужо 21 год працуе Уладзімір Міхайлавіч выхавацелем Ельскай дапаможнай школы-інтэрната. Ён лічыць, што ў гэтай школе працуюць самыя прыгожыя, кваліфікаваныя, таленавітыя педагогі на чале з выдатным педагогам Якавам Ліпскім, працаваць з якімі – адно задавальненне. А ўдзельнічаць у фарміраванні станоўчай асобы дзяцей, дапамагаць ім праяўляць лепшыя чалавечыя якасці, рыхтаваць да далейшага самастойнага жыцця ў грамадстве, пакінуць добрыя пачуцці да сябе – ці не ёсць гэта практычнае выкананне галоўнага запавета педагога: «Сеяць разумнае, добрае, вечнае»? Усе гады працы ў школе-інтэрнаце Уладзімір Міхайлавіч адчуваў і адчувае зараз сваю патрэбу і карысць дзецям. Іменна дзеля гэтага, як сказаў класік, «жыць і працаваць было варта».

Ганна Шэметава
Фота з сямейнага архіва У.М. Вягеры



1 комментарий по теме “Чалавек на сваім месцы

  1. Да, уж точно человек на своем месте. Ответственный работник и семьянин.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *