Гуляюць усе!

Спорт

У першыя чэрвеньскія дні, літаральна за некалькі дзён, з’явілася валейбольная пляцоўка каля аднаго з кааператыўных дамоў у мікрараёне Маладзёжны г. Ельска. Цяпер там штодзень гуляюць у валейбол і дарослыя, і дзеці – жыхары мікрараёна.

Прапанаваў зрабіць пляцоўку для валейбола Віктар Бандарэнка, трэнер Ельскай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. Яго падтрымаў і старшыня кааператыву № 9, каля якога было вызначана месца для пляцоўкі, Міхаіл Мазарчук. Хлопцы-старшакласнікі, якія жывуць у новым мікрараёне, таксама з вялікім энтузіязмам ухапіліся за гэтую ідэю. У лічаныя гадзіны яны разбілі пляцоўку, абкапалі яе. Да дзяцей актыўна падключыліся і дарослыя. Дружна сабраўшыся, устанавілі неабходнае абсталяванне, павесілі сетку. Праз нейкі час усю пляцоўку засыпалі чыстым пяском, прывоз якога арганізаваў Анатоль Гапонік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.

волейбол-(14)
Цяпер штовечар тут збіраюцца каманды дарослых і дзяцей, якія да позняга часу гуляюць у валейбол.

– Час праходзіць цікава і вельмі непрыкметна, – заўважыў дзевяцікласнік Кірыл Фядзько, адзін з самых актыўных юных валейбалістаў. – Добрую справу зрабілі сваімі рукамі. Цяпер я і мае сябры (амаль усе яны займаюцца ў спартыўных школах) – Саша Кузняцоў, Жэня Засінец, Ігар Максіменка, Стас Лонскі, Антон Дуброва, Ягор Новікаў, Яраслаў Гапонік, Саша Семяненка, Міша Грамок – маем занятак на ўсе летнія канікулы. Гуляем камандамі ў валейбол між сабою і з дарослымі. Думаю, такія спаборніцтвы ўсім толькі на карысць!

Ганна Гаўрылава



1 комментарий по теме “Гуляюць усе!

  1. И я там тоже гуляю. Присоединяйтесь к нам!!!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *