Купальскае чараўніцтва ў Ельску


У ноч з 6 на 7 ліпеня – ноч на Івана Купала – у горадзе Ельску прайшло народнае гулянне. Свята Купалле любяць на Ельшчыне, таму і не выпадкова, што у купальскую ноч у гарадскім парку і на цэнтральнай плошчы было так шматлюдна і весела.

Яшчэ звечара пачалі працаваць гандлёвыя кропкі, дзе можна было паспрабаваць прысмакі ды падсілкавацца. Выставы народных умельцаў прапаноўвалі разнастайныя вырабы, сярод якіх найбольшым попытам карысталіся вяночкі, сплеценыя з лекавых траў і якія, як лічыцца, валодаюць рознымі цудоўнымі ўласцівасцямі: адводзяць ад дома маланку, лечаць ад некаторых хвароб, спрыяюць у варажбе….

IMG_0041IMG_0018IMG_0014P7060240
Многія імкнуліся паспрабаваць шчасце, купляючы латарэю, а прапаноў на гэты конт было вельмі шмат. Як кажуць, купляй – і падарунак атрымай!

На сцэне ў горадскім парку выступалі самадзейныя артысты з Дабрыня, Рамязоў, Ельску. Іх песні радушна сустракалі адпачываючыя, якія падтрымлівалі артыстаў апладысментамі.

Цікавым было і тэатралізаванае прадстаўленне «Купальскае чараўніцтва», пад час якога маладыя дзяўчаты варажылі, спявалі песні, пазнаёміліся з цудоўным хлопцам Іванам і дапамаглі яму знайсці шлях дамоў. Акрамя таго, дзяўчаты пускалі па вадзе вянкі з траў. Лічылася, што калі вянок паплыве, то жыццё будзе доўгім і шчаслівым, а калі патоне, дык і не сустрэне дзяўчына ў гэтым годзе наканаванага і замуж не выйдзе.

У гэтую ноч ельчане і госці горада вадзілі вакол вогнішча карагоды, а самыя смелыя і рашучыя маладыя хлопцы і дзяўчаты скакалі праз агонь ды адпраўляліся на пошукі кветкі-шчасця…

Згодна з народнымі вераваннямі, спаць у купальскую ноч нельга, так як ведзьмы і ўсякія нячыстыя сілы выходзяць на паляванне, таму іх трэба адганяць сваім няспаннем. Магчыма, таму амаль да раніцы былі чуваць у наваколлі музыка і спевы.

Таццяна Петрухно
Фота аўтара



1 комментарий по теме “Купальскае чараўніцтва ў Ельску

  1. Хорошие фотки. И много… Спагибо, добрая районка!!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *