Лета з кнігай


Цяжка пераацаніць ролю кнігі ў жыцці чалавека: гэта і крыніца ведаў, і мудры дарадчык на ўсе выпадкі жыцця, і цікавы субяседнік… Нягледзячы на імклівае развіццё электронных сродкаў інфармацыі, вучоныя сцвярджаюць, што кніга заўсёды будзе з чалавекам, магчыма, змяніўшы свой знешні выгляд у яе электронным варыянце. Таму вельмі важна сфарміраваць з маленства ў чалавека цікавасць да кнігі, патрэбу чытання кніг. Шмат робіцца ў гэтым напрамку ў дзіцячых садках, школах, не застаецца ў баку ад гэтай важнай справы і Ельская дзіцячая бібліятэка.

IMG_2383
Утульнае памяшканне з чытальнай залай – і шмат кніг і часопісаў, якія могуць задаволіць інтарэсы пытлівага юнага чытача. А галоўнае – улюблёны ў сваю справу, дружны і згуртаваны калектыў дзіцячай бібліятэкі, які праводзіць вялікую і цікавую работу па прапагандзе дзіцячай кнігі.

У рамках акцыі «Лета з кнігай», якая праходзіць у час летніх канікул, у дзіцячай бібліятэцы праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Дзецям прапануецца паўдзельнічаць у пазнавальнай гульні «Энцыклапедычны серпанцін», даведацца аб кніжных навінках у дзень інфармацыі «Рэпертуар моднага чытання». Бацькі могуць пазнаёміцца з дзейнасцю бібліятэкі, паглядзеўшы мультымедыйную прэзентацыю «Шчаслівая краіна дзяцінства».

Кожны дзень працуе выстава пад адкрытым небам «У кніг няма канікул». Тут можна выбраць і пачытаць кнігу на свежым паветры, а можна ўзяць яе дамоў. Кожны тут можа знайсці сабе занятак па душы. Дзеці гуляюць у разнастайныя настольныя гульні, чытаюць энцыклапедыі і часопісы, шукаюць патрэбныя звесткі ў інтэрнеце. Для дзяцей дашкольнага ўзросту праходзяць «Чытанні на канапе», на якіх дашкольнікі могуць паслухаць любімыя казкі і апавяданні.

Сваімі ўражаннямі з намі па-дзялілася загадчыца бібліятэкай Святлана Хіжнякова: «Усе мерапрыемствы паглыбляюць у дзяцей цікавасць да кнігі, чытання, яны ахвотна наведваюць бібліятэку, з радасцю вяртаюцца да нас, расказваюць бацькам, як правялі час, аб чым даведаліся. Не толькі жыхары Ельска, але і прыезджыя застаюцца ўдзячнымі бібліятэкарам за ветлівасць, дабразычлівасць і выхаванне дзяцей.

Падчас народнага свята Купалле наша бібліятэка праводзіла выставу-продаж «З кніжнай паліцы». Гасцям былі прапанаваны цацкі, невялікія кніжкі, наборы для дзіцячай творчасці, наклейкі. Зараз у нас арганізавана выстава кніг і часопісаў да 1025-й гадавіны хрышчэння Русі».

Дзіцячая бібліятэка заўсёды рада наведвальнікам.

Ганна ШЭМЕТАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *