Першы вадзіцель-тысячнік у Ельскім раёне

Сельское хозяйство

Жніво імкліва гартае каляндар падзей. І вось ужо ў Ельскім раёне з’явіўся першы вадзіцель-тысячнік. Гэта малады мужчына Яўген Крывенькі з КСУП «Скараднянскі».Дзень за днем з раніцы і да вечара перавозіў Яўген ад камбайнаў на зерняток залатыя патокі збожжа. Канешне, вельмі шчыраваў ён, каб хутчэй адвезці зерне з поля. Але вось і вынік цудоўны. На мінулым тыдні, у пятніцу, з самай раніцы ён прымаў віншаванні з нагоды працоўнай перамогі.

Шчыра і сардэчна павіншавалі Яўгена Крывенькага з перамогай начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатоль Гапонік (на здымку), кіраўнік гаспадаркі Васіль Касенка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Георгій Цык, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Таран, галоўны спецыяліст РА ГА «БРСМ» Іна Рафаловіч. Маладому вадзіцелю яны ўручылі падарункі і пажадалі надалей поспехаў у працы і жыцці.

DSC_9269
Яўгену Крывенькаму было перададзена пісьмо-падзяка ад старшыні Гомельскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу В.І. Яцэвіча са шчырымі словамі віншавання: «Ваша працоўная перамога – прадмет асаблівага гонару ўсіх жыхароў вобласці! Вынік вашай працы – на стале ў кожнай сям’і».
Музычныя віншаванні Яўгену Крывенькаму і ўсім працаўнікам хлебнай нівы КСУП «Скараднянскі» дарылі самадзейныя артысты сельскага Дома культуры вёскі Скароднае.

Канешне, лёс вырашчанага ўраджаю залежыць ад арганізаванасці і майстэрства людзей. У гэтыя дні на ўборцы задзейнічаны і аператары зернятокаў, і рамонтнікі, і работнікі сталовак. Словам, большасць жыхароў вёскі ў той ці іншай ступені мае дачыненне да жніва. Але, безумоўна, уся адказнасць кладзецца на плечы камбайнераў і вадзіцеляў. Гэта дзякуючы іх намаганням і старанню запаўняюцца засекі багатым ураджаем. Дык няхай жа дасць ім Бог сіл, цярпення і здароўя, каб без страт сабраць вырашчаны хлеб.

Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *