Пушыстыя выхаванцы Антона Хамутоўскага


У Антона Хамутоўскага, вядомага фотамайстра, які жыве ў мікрараёне Фабрычны, акрамя фатаграфіі, ёсць яшчэ адно захапленне. На працягу некалькіх гадоў Антон Пятровіч займаецца вырошчваннем і развядзеннем кролікаў (паважаныя чытачы, выбачайце, калі ласка, за знарок дапушчаную памылку ў перакладзе назвы гэтых жывёл: ну не магу я называць іх, гэтых мяккіх, падобных да цацачных істот, як ніжнюю бялізну!)

Пра сваё хобі Антон Хамутоўскі з вялікім задавальненнем можа расказваць гадзінамі. Спачатку, яшчэ ў дзяцінстве, ён проста трымаў кролікаў, як рабілі і цяпер робяць многія: не клапаціўся пра іх пароду, чыстакроўнасць і г.д. І толькі трэці год пачаў займацца імі больш прафесійна. Прачытаў многа літаратуры пра развядзенне кролікаў, набыў чыстапародных прадстаўнікоў сямейства «вушатых», заняўся іх развядзеннем.

DSC_8370
Па словах Антона Пятровіча, развядзенне кролікаў – справа вельмі сур’ёзная і адказная. Поспех яе залежыць не толькі ад таго, каб пакарміць і напаіць жывёл, але і ад таго, якім чынам гэта зрабіць. Акрамя гэтага, каб забяспечыць кролікаў травой, сенам, агароднінай, зернем, камбікормам, вадой, трэба штодня агледзець іх, адзначыць змяненні ў паводзінах. Але Антон Пятровіч прызнаўся, што гэтыя клопаты яму толькі ў радасць і за любімай справай час бяжыць непрыкметна.

– Я займаюся развядзеннем кролікаў толькі каліфарнійскай і новазеландскай пароды, – патлумачыў гаспадар. – Гэта самыя распаўсюджаныя мясныя бройлерныя пароды кролікаў. Яны вельмі хутка растуць, набіраюць вагу і маюць выдатную якасць мяса. І «каліфарнійцы», і «новазеландцы» вельмі прыгожыя знешне, даволі дружалюбныя, нават ласкавыя. Маленькія новазеландскія кролікі наогул нагадваюць жывыя плюшавыя цацкі, за што асабліва падабаюцца малым дзецям. Я раіў бы ўсім, хто не можа знайсці сабе занятак па душы ў вольны час, заняцца кролікаводствам. Для гэтага цяпер створаны ўсе ўмовы: навокал дастаткова травы, толькі не лянуйся яе касіць і нарыхтоўваць на сена, у продажы дастаткова розных відаў камбікорму.

Пра тое, што Антон Пятровіч адносіцца да сваіх падапечных, як да малых дзетак, заўважаеш адразу. Ён размаўляе з імі, гладзіць, шкадуе. На кожнай клетцы вісяць таблічкі з імёнамі кролікаў. Ёсць у Пятровіча і Ксюша, і Броня, і Ліля, і Люба, і Фрося… На гэтых паперках Антон Пятровіч таксама адзначае і неабходную інфармацыю пра кролікаў.

– У граматным доглядзе ў спалучэнні з правільным кармленнем, – падзяліўся сакрэтам Антон Хамутоўскі, – заключаюцца добрыя вынікі кролікаводства. Любіце сваіх выхаванцаў і клапаціцеся пра іх – і поспех не прымусіць сябе чакаць.

Ганна Гаўрылава



1 комментарий по теме “Пушыстыя выхаванцы Антона Хамутоўскага

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *