У полымі вайны

Общество

Кожны трэці беларус загінуў у Вялікай Айчыннай вайне. Сярод карэнных жыхароў Ельшчыны няма ніводнага, чыю сям’ю не зачапіла б сваім чорным крылом тая вайна.

У нашым раёне гітлераўцы палілі многія вёскі, першай з іх была наша Валаўская Рудня. Чамусьці людзей папярэдзілі, што будуць паліць, далі час нешта вынесці з хат. Было гэта 10 ліпеня 1942 года. Засталася цэлай толькі адна хата.

0_24e8e_2daa308a_XL
Руднянцы мусілі шукаць прыстанішча ў суседніх вёсках: Ястраблях, Жуках, Кочышчах. У каго не было малых дзяцей, пасяліліся ў куранях вакол Рудні.

У пустую хату з вёскі Ястраблі прыйшлі людзі. Гэта былі Жыгадла Аксеня з гадавалай Валечкай і пяцігадовай Кацяй, яе сястра Шаўчэнка Алена з сынам Міцем, іх пляменніца Барысевіч Надзея з немаўляткам Вовай і братам Іванкам.

Ва ўцалелай хаце жанчыны запалілі печ. У той жа час з суседняй вёскі Белякі ехалі паліцаі. Яны нарабавалі людскога дабра, «заправіліся» самагонкай, гарланілі песні. Жанчыны, пачуўшы іх дзікі рогат і п’яныя спевы, падхапілі на рукі малых і кінуліся з хаты. Большыя дзеткі пабеглі самі ў пасевы хавацца. На няшчасце з імі быў сабачка. Пачуўшы чужых, ён забрахаў, да сваіх не пускаў. Але вырадкаў нішто не стрымала, хоць бачылі перад сабой жанчын і маленькіх дзетак.

Тое, што здарылася далей, вядома ад людзей, што хаваліся непадалёку і ўсё чулі і бачылі.

Жанчын застрэлілі і пацяглі ў хату, дзетак таксама пакідалі туды і запалілі. Яны жывыя гарэлі…

Засталіся ў Аксені яшчэ чацвёра дзяцей. Косця і Тэкля тыфозныя ляжалі ў непрытомным стане. Саня і Юлік бегалі, шукалі маму, а яе ўжо ў жывых не было. Галасіла ў роспачы маці Надзеі і Іванка Мар’я. За адзін дзень (а было гэта 14 ліпеня 1942 года) страціла яна і дзяцей, і сясцёр, і пляменнікаў, і ўнука.

Як ачысцілі раён ад фашыстаў, Мар’я раскапала папялішча і пазбірала абгарэлыя костачкі родзічаў і закапала іх на могілках. Цяпер на тым месцы стаіць помнік з імёнамі загінуўшых.

Не вярнуліся з вайны ні Жыгадла Пятро, ні Барысевіч Фёдар, прыйшоў толькі скалечаны Шаўчэнка Васіль – бацька тых няшчасных дзяцей.

Выраслі дзеці Аксені і Пятра, знайшлі сваё месца ў жыцці. Жыгадла Саня стаў маім мужам, бацькам маіх дзяцей. Усе загінуўшыя – кроўныя родзічы майго мужа і дзяцей, а, значыць, і мае.

Сколькі жыццяў згарэла ў полымі той вайны!? Нам нельга забываць пра тое. Трэба цаніць і берагчы мір на нашай зямлі.

Майя Жыгадла, в. Валаўская Рудня.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *