На яе долю выпалі цяжкія выпрабаванні


Добрай палове моладзі нават і ўявіць цяжка, якою цаною далася беларусам перамога над фашыстамі. А вы ўявіце сабе, як балюча гэта чуць і бачыць тым, хто перажыў суровы час! І для таго, каб успомніць некаторыя факты той жахлівай вайны, паслухаем, што расказвае Аляксандра Паўлаўна Сарочанка.

Нарадзілася яна ў 1929 годзе ў Санюках, дзе і жыла яе сям’я. Калі пачалася вайна, Саша была дванаццацігадовай дзяўчынкай. Многія ўспаміны, дакладныя факты назаўжды сцёрліся з яе дзіцячай памяці, але моманты, калі смерць пагражала ёй і блізкім, засталіся.

P1110134

– У вёсцы Санюкі прайшло ўсё маё дзяцінства, маладосць, прыйшла і старасць,– пачала апавядаць Аляксандра Сарочанка. – Калі пачалася вайна, я была яшчэ малая, але ў маёй памяці засталіся некаторыя эпізоды.

Страшна было, хоць гэта я зразумела толькі цяпер. З вайны вярталася вельмі мала людзей, і так было паўсюль. Не было ні адной сям’і, якая не перажыла гора, смутак, адчай. Да вайны я паспела закончыць толькі чатыры класы. Жыла разам з бацькамі і братам. Калі бацьку прызвалі ў армію, памятаю, доўга абдымала яго, рукі самі не расчэпваліся, не адпускалі, як быццам ведалі, што абдымаюць яго апошні раз. Ён ціхенька прыбраў мае рукі і пайшоў са слязьмі на вачах. Больш я свайго бацьку не бачыла. Маці расказвала, што ён трапіў у палон і быў расстраляны.

Немцы прыйшлі да нас вельмі хутка, пасяліліся ў вёсцы. У вёсцы Шарын жыла мая цётка, якая часта прасіла мяне дапамагчы ёй па гаспадарцы. За мной яна прыходзіла, а назад я ішла адна. А дарогу паміж нашымі вёскамі ахоўвалі немцы. Аднойчы іду, а на вышцы стаіць немец і пільна глядзіць у мой бок, паварочваючы кулямёт. Я доўга стаяла, не адважвалася ісці. Думаю: будзь што будзе! Прыціснула галаву да плячэй і нясмела пайшла ўперад. Прапусціў гэты немец мяне.

Ды і немцы былі розныя. Памятаю, прыйшла да сваёй сяброўкі Раісы гуляць, а ў іх тады жылі немцы, і адзін з іх увесь час забаўляў нас, закідаў на печ. А калі я прыйшла ў бацькавых здаравенных ботах, ён доўга смяяўся.

У вёсцы былі то партызаны, то немцы, то славакі. І кожны, хто яе пакідаў, спальваў за сабой мост, які знаходзіўся недалёка.

І яшчэ памятаю, калі ў вёску прыехалі немцы, мы, маладзейшыя, сышлі ў лес, наша сям’я ўзяла з сабою карову. А мама вярнулася па свінню, і да нас яна ўжо не прыйшла: яе не пусцілі немцы. Мы доўга пераходзілі з месца на месца па лесе, пакуль не трапілі ў Нараўлянскі раён. А пра нашых чулі, што ўсіх пажылых людзей, якія засталіся ў вёсцы, павезлі ў Міхалкі. Немцы вымушаны былі кінуць людзей на дарозе, бо сустрэліся з нашымі салдатамі. Мы былі ўжо каля Нароўлі, калі мама знайшла нас. Яе пачалі кожную ноч выклікаць на допыты, не верылі ёй і моцна білі за тое, што яна засталася, а не трапіла разам з усімі ў палон.

Пасля вайны маё дзяцінства і дзяцінства маіх аднагодкаў было халодным і галодным. І ўсё наша жыццё склалася зусім не так, як мы, маладыя, планавалі.

За ўсё сваё жыццё я змяніла шмат прафесій. Працавала даяркай, брыгадзірам, даглядчыцай цялят, свіней. Пасля пенсіі працавала яшчэ дванаццаць гадоў на свінаферме.

Цяпер жыву я адна летам, а зімой мяне забірае дачка з зяцем. Кожны дзень наведваюць, не даюць сумаваць. Як шкада, што вёска памірае. Ся-джу на лавачцы, а за цэлы дзень ні душы не пройдзе, толькі дачнікі на сваіх машынах ездзяць.

Пенсіянерка не сумуе: займаецца хатняй гаспадаркай, працуе на прысядзібным участку, чытае мастацкую літаратуру. Разважаючы пра сучаснае жыццё, Аляксандра Паўлаўна, чалавек з вялікім жыццёвым вопытам, жанчына, на долю якой выпалі цяжкія выпрабаванні, кажа галоўную фразу, у якой заключаны амаль увесь сэнс нашай размовы: «Дзякуй і нізкі паклон савецкім салдатам – і жывым, і загінуўшым – за нашу свабоду, за жыццё, за сённяшні дзень».

І я разумею, што мірнага неба над галавой, сённяшняга дня і нашай размовы, сапраўды, магло б і не быць, каб не іх самаадданы подзвіг, любоў да Радзімы.

Анастасія Бяляк



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *