Лекары душ дзяцей


Ва ўсе часы бібліятэкар лічыўся лекарам душы, дарадчыкам, сябрам, чалавекам, здольным выслухаць і дапамагчы з,арыентавацца ў моры інфармацыі, бо ў кожнай бібліятэцы на кніжных паліцах сабрана мудрасць тысячагоддзяў.
DSC_0624
Дзіцячая бібліятэка аказвае значны ўплыў на жыццё маленькага чалавека. Менавіта дзіця лепш за дарослага здольнае «ўвабраць» у сябе ўсе дзівосы свету, пра якія чытае ў кнігах, суіснаваць разам з героямі кніг, падарожнічаць, запамінаць прачытанае. Гэта з’яўляецца закладам выхавання лепшых якасцяў чалавека.

Душа бібліятэкі – гэта, вядома, яе калектыў, які ствараў і стварае тую самую атмасферу добразычлівасці, адкрытасці і шчырасці, у якой так утульна адчуваюць сябе дзеці. Добрыя традыцыі папярэднікаў працягвае калектыў Ельскай дзіцячай бібліятэкі, якім кіруе Святлана Хіжнякова. Пад кіраўніцтвам гэтай абаяльнай жанчыны ў калектыве працуюць тры чалавекі: Таццяна Пятрова, Наталля Шульга, Таццяна Якіменка. Усе супрацоўнікі гэтай установы – людзі неардынарныя, творчыя, цікавыя. Яны пастаянна пашыраюць кола чытачоў, адкрываюць для іх усё новыя і новыя старонкі навакольнага свету. Кожны з іх – прафесіянал, які любіць кнігу, сваю работу, любіць працаваць з дзецьмі, дапамагае ім пазнаваць вялікі і непаўторны свет кнігі праз гутаркі, цікавыя мерапрыемствы, акцыі. У кожнага з іх – свой кірунак работы, у якім яны працуюць адказна.

Аб тым, чым зараз жыве дзіцячая бібліятэка, нам расказала Святлана Хіжнякова:

– Дзіцячая бібліятэка – гэта маленькі прыстанак кніжнага сусвету, дзе жывуць таямніцы чароўнага і пазнавальнага, з чаго пачынаецца шлях маленькага чытача ў вялікае жыццё. Каля 60 чытачоў дзіцячай бібліятэкі – дашкольнікі. Гэта тыя, хто прыходзіць у «кніжчын дом» разам з бацькамі. Яны яшчэ не ўмеюць чытаць, таму разглядаюць прыгожыя малюнкі ў кніжках, а чытаюць ім мамы, таты, бабулі, дзядулі, старэйшыя сястрычкі або брацікі.
За год нашу бібліятэку наведваюць больш чым 2 тысячы чытачоў. Гэта дашкольнікі, школьнікі, падлеткі, бацькі і настаўнікі.

На працягу года ў бібліятэцы працуюць кніжныя выставы, арганізоўваюцца прагляды літаратуры. Плённая і крапатлівая работа вядзецца для таго, каб звярнуць увагу дзяцей на беларускую літаратуру. Выкарыстоўваючы розныя формы і метады, мы імкнемся навучыць дзяцей ганарыцца сваімі продкамі, ведаць свае карані, паважаць і любіць душу народу – родную мову.

Штогод бібліятэка прапануе сваім чытачам шэраг цікавых акцый. У гэтым годзе, каб прывабіць болей чытачоў, мы праводзілі такія цікавыя акцыі, як «Запісаўся сам – прывядзі сябра», «Вярні кнігу – і выйграй падарунак».

Кожны год у бібліятэку прыходзяць госці, якія дапамагаюць нам правесці розныя мерапрыемствы. Гэта і першы сакратар БРСМ Ірына Шаўчук, і работнікі бальніцы. Самыя дарагія госці – гэта нашы паважаныя ветэраны – Міхаіл Іосіфавіч Гусачэнка, Рыгор Сцяпанавіч Прыходзька, Павел Паўлавіч Бычкоўскі. Гэта менавіта тыя людзі, якія ўвесь час супрацоўнічаюць з намі і ўдзельнічаюць у нашых мерапрыемтвах.

Чытальная зала заўсёды гатова зацiкавiць выбарам дзiцячых энцыклапедый па розных тэмах. Акрамя кнiг, падлеткі любяць чытаць часопiсы, такія, як «Стрекоза», «Мы», «Рюкзак», «Мне 15». У чытальнай зале знаходзіцца тэлевізар, па якім паказваюцца мультфільмы, прэзентацыі.

Нашы работнікі – творчыя натуры. Так, Таццяна Пятрова падрыхтавала для гасцей цікавыя фотапрэзентацыі, у якіх дапамагла зрабіць невялікую экскурсію па бібліятэцы і дапоўніла яе сваімі вершамі. Яна распрацавала рымейк рускай народнай казкі «Калабок», дзе Калабок запрашае ўсіх звяроў у школу, славіць сваю мову і краіну.

У бiблiятэцы заўсёды светла, чыста, пануюць утульнасць i парадак. Святло iдзе не столькi ад вялiкiх вокнаў, колькi ад гаспадынь гэтай установы – душэўных, добразычлiвых, бескарыслівых бiблiятэкараў, улюбёных у сваю прафесiю, неабыякавых i iнiцыятыўных. Яны здольныя не толькi выканаць патрабаванні сваiх чытачоў, але i зрабiць вольны час школьнiкаў больш змястоўным i цiкавым.

Анастасія Бяляк



1 комментарий по теме “Лекары душ дзяцей

  1. и статья хорошая, и главное — правда

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *