Поспех Галіны Сінько


Трыццаць пяць гадоў працуе аператарам па штучным асемяненні жывёлы ў КСУП «Саўгас «Камуніст» Галіна Сінько. За гэты час яна набыла неацэнныя вопыт і майстэрства ў сваёй прафесіі, карыстаецца аўтарытэтам і павагай сярод працаўнікоў і кіраўніцтва гаспадаркі.
DSC_0593
Прафесіяналізм Галіны Віктараўны высока ацэнены і на дзяржаўным узроўні. Так, на мінулым тыдні Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 396 «Аб узнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь» некаторых работнікаў сельскай гаспадаркі. За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі медалём «За працоўныя заслугі» узнагароджана і Галіна Сінько з КСУП «Саўгас «Камуніст».

У час нашай сустрэчы пра ўзнагароду жанчына яшчэ не ведала, таму была вельмі ўзрушана і ўсхвалявана, калі пачула пра высокую ацэнку сваёй працы. Сказала, што ніколі не марыла пра высокія ўзнагароды, проста шчыра і сумленна выконвала свае абавязкі, не лічылася з асабістым часам. Як і ў большасці работнікаў сельскай гаспадаркі, у Галіны Віктараўны ненармаваны рабочы дзень.

Жыве Галіна Сінько ў вёсцы Дуброва, там, на мясцовай ферме, і працуе. Зараз, калі статак кароў яшчэ знаходзіцца на выпасе, даводзіцца бываць і на полі, і на ферме. Калі патрэбна – увесь дзень знаходзіцца на рабоце. Але ж і дома з уласнай гаспадаркай паспявае ўпраўляцца. Як многія вяскоўцы, і карову сям’я Сінько трымае, і свіней, і курэй. Ды і восеньскіх клопатаў з агародамі больш чым дастаткова.

На пытанне, у чым жа сакрэт паспяховай працы, Галіна Сінько ўпэўнена адказала:

– У звычайным працалюбстве, у зацікаўленасці вынікамі сваёй працы.

Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *