Вышыванкі для душы


Жыхарка вёскі Дзвіжкі Марыя Семяненка – вядомая вышывальніца. Яе работы неаднаразова выстаўляліся на розных выставах. Па-майстэрску валодае Марыя Іосіфаўна тэхнікай вышывання гладдзю і крыжыкам.
DSC_9831
Першыя навыкі вышывання Марыя пераняла яшчэ ў дзяцінстве ад сваіх сябровак – суседскіх дзяўчынак Тані і Ані Сугак з вёскі Сугакі. З той пары, калі яна зразумела, як гэта цудоўна – ствараць прыгожае, ніткі і іголкі сталі яе неразлучнымі сяброўкамі. Без іх, шчыра прызналася Марыя Іосі-фаўна, і дня пражыць не можа. Нават у самы загружаны гаспадарчымі справамі дзень яна знаходзіць хвілінкі для любімага занятку.

– Вышыўка суправаджае мяне па жыцці, – расказвае Марыя Іосіфаўна. – І ў маладосці, і зараз, на пенсіі, я заўсёды знаходжу час для занятку любімай справай. Пачаўшы вышываць новы сюжэт, стараюся хутчэй дайсці да завяршэння пачатай справы, таму што хочацца ўбачыць вынік сваёй творчасці. Карціны, іконы, сурвэткі сапраўды атрымліваюцца чароўнымі. І не таму, што сама вышываю, а таму, што так ацэньваюць іх знаёмыя, сябры, дзеці. Вышыванне ўвогуле стала часткай майго жыцця. Думаю, ніколі не пакіну гэтым займацца.

Трэба зазначыць, што ўся хата майстрыхі Марыі Семяненка ўпрыгожана яскравымі фарбамі вышыванак: рознакаляровыя іконы, рушнікі з беларускім арнаментам, сурвэткі, абрусы, падушкі, пасцельная бялізна. Сюжэты для іх яна бярэ з казак або проста пераносіць на тканіну ўбачаную ў жыцці прыгажосць. Часта дзеці купляюць ёй гатовыя наборы для вышывання. У гэтыя наборы ўваходзяць матэрыял, фрагменты карціны, схема і неабходная колькасць нітак для вышыванкі. Вось і стараецца Марыя Іосіфаўна вышываць сюжэт за сюжэтам, карціну за карцінай, каб не толькі самой любавацца прыгажосцю, але і людзям паказаць, а некаторыя работы і падарыць родным і блізкім.

Гавораць, што шчаслівы той чалавек, які знайшоў у сваім жыцці любімую справу. Марыя Семяненка такую справу сапраўды знайшла. Вышытыя работы радуюць не толькі яе, але і іншых людзей.

Яна Іванова



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *