Харчаванне механізатараў

Сельское хозяйство

У сельскай гаспадарцы круглы год адна работа змяняецца другой. Вялікіх перапынкаў паміж імі практычна няма. Хіба што толькі зімою ў механізатараў ёсць час перавесці дух, падрыхтаваць тэхніку да новага сезону.
DSC_0528
Так і цяпер. Не паспела скончыцца жніво, як на чарзе – час убіраць «каралеву палёў» кукурузу, агародніну і інш. І ў гэтую пару немалаважным у сельгаспрадпрыемствах раёна застаецца такое пытанне, як арганізацыя харчавання механізатараў.

Нядаўна мы пабывалі ў КСУП «Ельск», дзе сустрэліся са старшынёй пярвічнай арганізацыі прафсаюза работнікаў гаспадаркі Ірынай Жураўскай. Што-дзень Ірына Васільеўна збірае звесткі пра колькасць жадаючых атрымаць абед і вячэру. Дадзеныя яна перадае повару сталовай Людміле Казак. Зараз у сталовай гатуецца ежа для механізатараў, работнікаў будаўнічых брыгад, а таксама жывёлаводаў, якія працуюць на свінакомплексе ў Багуцічах. Што-дзень заказваецца харчаванне прыкладна для 70 чалавек.

– Канешне, нялёгка што-дзень рыхтаваць харчаванне для такой колькасці людзей, – расказала повар Людміла Казак, – але ж мы з маёй памочніцай Кацярынай Бароўскай вельмі стараемся, каб усе стравы атрымаліся смачнымі і спадабаліся людзям. Меню ў нас разнастайнае, састаўляецца на два тыдні. Сёння, напрыклад, рабочыя гаспадаркі атрымаюць на абед суп бульбяны з рысам, грэчку з соусам і катлетай і кампот з булачкай. На вячэру будзе пюрэ з бульбы і птушка смажаная, а таксама какава.

– Гэтай вясною, – працягнула гаворку пра сталовую Ірына Жураўская, – наша сталовая перайшла на баланс КСУП «Ельск». Штогод сталовая пачынала працаваць з красавіка, калі пачынаецца пасяўная кампанія, і заканчвала работу ў лістапа-дзе, калі спыняліся асноўныя сельскагаспадарчыя работы. У гэтым годзе кіраўніцтва гаспадаркі плануе, што сталовая будзе працаваць круглы год, таму што, акрамя прыгатавання ежы, для працаўнікоў гаспадаркі там рэалізуецца прадукцыя Жлобінскага мясакамбіната, ПУП «Мазырскія малочныя прадукты», Калінкавіцкага хлебазавода. Каўбасныя і мясныя вырабы, курыныя паўфабрыкаты, хлеб, булкі работнікі КСУП «Ельск» маюць магчымасць набыць за кошт зарплаты. Хачу адзначыць, што ўся прадукцыя ідзе без гандлёвых надбавак, таму каштуе значна танней, чым у магазінах. Прадуктовыя тавары прывозяць у сталовую два разы на тыдзень.

Думаю, што для працаўнікоў гаспадаркі гэта вельмі зручна – набываць прадукты тут, у сталовай, і не клапаціцца, што можа не хапіць наяўных грошай.

Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *