Знайсці сваё месца ў жыцці


Настаўнік – гэта невычэрпная крыніца ведаў, творчасці, натхнення, чалавек, які па-асабліваму ўспрымае жыццё, умее цаніць і напаўняць сэнсам кожную хвіліну. Менавіта такія словы варта сказаць пра выдатнага педагога з вялікім творчым патэнцыялам, прыгожую жанчыну з іскрыстымі вачыма – настаўніцу пачатковых класаў Наталлю Цалка.
DSC_9441
Нарадзілася Наталля ў вёсцы Палаўкі ў 1971 годзе ў мнагадзетнай сям’і. Дзяцінства было звычайным: працавітым, складаным, поўным уражанняў.

Сваё жыццё Наталля Цалка прысвяціла сваім вучням. Ужо 20 гадоў ездзіць жанчына з вёскі Млынок на працу ў Санюкоўскую школу.

– Інтэлігентная, мудрая, прыгожая – такім я ўяўляла вобраз сапраўднай настаўніцы, – дзеліцца Наталля, – і стараюся адпавядаць яму. У роднай вёсцы ад людзей нічога не схаваеш, стараюся вынікова працаваць, быць справядлівай і ўважлівай у адносінах да вучняў.

Наталля чуйны педагог, адданы сваёй справе чалавек, які любіць дзяцей. Яна заўсёды ў пошуках новых сродкаў і формаў навучання малодшых школьнікаў, поўная сіл, энергіі, творчых задум. Сваім вопытам яна ахвотна дзеліцца з калегамі школы, раёна, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод калег і бацькоў.

Вялікай падтрымкай для Наталлі Пятроўны з’яўляецца сям’я – гэта муж і дзве дачкі. Кожны год яны выязджаюць разам на мора, дзе адпачываюць у палатках. Сама Наталля любіць вырошчваць квет-кі,чытаць цікавыя кнігі, у вольны час фатаграфаваць прыроду.

У яе сям’і ёсць і свае таленты – гэта дзяўчаты, якія ўмеюць прыгожа маляваць. І гэта, напэўна, ад маці, якая сама любіць творчасць. Старэйшая Анастасія вучыцца на 5 курсе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту, малодшая Кацярына перайшла ў 9 клас. Даўно дзяўчынка праяўляе вялікі інтарэс да коней, калекцыяніруе ўсё, што звязана з імі. Увесь яе пакой застаўлены статуэткамі, малюнкамі, карцінамі гэтых разумных, грацыёзных жывёл.

Жанчына-маці сваім прыкладам вучыць сваіх дзяцей, зберагае свой дом, стварае дабрабыт, цяпло. Інакш не можа і не ўмее.

Анастасія Бяляк



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *