Восеньскі кірмаш у Ельску

Общество

Вядома старажытная ісціна: добры гаспадар здаўна разумее, што важна не толькі мець багаты ўраджай, але і выгадна прадаць яго, каб мець прыбытак і сродкі на далейшае развіццё вытворчасці. Гэтую ісціну зараз па-новаму асвойваюць сучасныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, гаспадары ўласных падсобных гаспадарак, прадпрымальнікі, якія прымалі актыўны ўдзел у восеньскім кірмашы па продажы сельгаспрадукцыі, што прайшоў у мінулую нядзелю на цэнтральнай плошчы ў горадзе Ельску.

IMG_0581IMG_0593IMG_0656IMG_0705IMG_0733IMG_0758IMG_0512IMG_0534
Зранку людзі спяшаліся на кірмаш, дзе было шматлюдна і весела. На ўсю гарадскую плошчу гучалі народныя спевы, пералівы гармонікаў і баянаў ды галасы зазывалаў, што запрашалі на кірмаш усіх жадаючых. Вакол разносіўся водар яблыкаў і мёду, недацвіўшых хрызантэм ды шашлычнага дыму, што ішоў ад імправізаваных падворкаў, якія размясціліся адзін за адным у два рады. Кожны падворак адрозніваўся сваім каларытам і прапанаванымі стравамі, прысмакамі і разнастайнай прадукцыяй на продаж.

Менавіта тут, на святочным восеньскім кірмашы, кожны жадаючы мог зрабіць патрэбныя запасы на зіму. Сваю прадукцыю на кірмашы прадставілі сельгасарганізацыі раёна і райспажыўтаварыства, індывідуальныя прадпрымальнікі. З самага ранку каля машын ужо тоўпіўся народ. Асаблівым попытам карысталіся бульба і зерне, якія людзі закуплялі мяхамі. Сапраўды, такія кірмашы – цудоўная магчымасць нарыхтаваць сельгаспрадукцыю для сябе па прывабнай цане. Зразумела, кожны хоча набыць тавар як мага танней. Таму гаспадаркі, хоць нясуць страты, але ідуць насустрач гарадскому пакупніку. Кошт той жа бульбы вагаўся ад 2450 да 2800 рублёў за кілаграм. Прывезены на кірмаш «другі хлеб» быў вельмі хутка прададзены. Добра разыходзілася на кірмашы і зерне, асабліва трыцікале, якое прадавалі КСУП «Скараднянскі», «Дабрынь», «Падгалле», «Саўгас «Камуніст» па цане ад 2700 да 3300 рублёў за кілаграм. Яго прададзена было нямала. Усё ж такі ў горадзе шмат людзей трымаюць на ўласных падворках хатнюю жыўнасць.

На кірмашы ў дастатковай колькасці было сталовых буракоў, морквы, цыбулі, капусты і многага іншага. Так, капусту прадавалі дзяржпрадпрыемства «Ельскае Палессе», райспажыўтаварыстыства па цане ад 2450 да 2500 рублёў за кілаграм. Сталовыя буракі каштавалі 2000 руб., морква – 2000 руб., яблыкі – ад 4600 да 7000 руб. за кілаграм.

Вялікім попытам у жыхароў Ельшчыны карысталася мясная прадукцыя, якой гандлявалі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы «Саўгас «Камуніст», «Ельскі».
Актыўны ўдзел у кірмашы, акрамя сельскіх гаспадарак, прынялі і магазіны райспажыўтаварыства. Каля гандлёвай кропкі Ельскага раённага спажывецкага таварыства, дзе бойкім чынам ішоў продаж агародніны і садавіны, была самая шматлюдная чарга. Набыць тут можна было і садавіну, і гародніну. Дарэчы, уся агародніна карысталася папулярнасцю ў людзей.

Выставілі сваю прадукцыю на продаж і некаторыя прадпрыемствы раёна. Ельскі кансервавы завод гандляваў разнастайнымі сокамі і зяленым гарошкам, які ельчане набывалі цэлымі ўпакоўкамі. Мэблевая фабрыка арганізавала рэкламу сваёй прадукцыі на спецыяльнай выставе, дзе кожны жадаючы мог зрабіць заказ набораў мэблі, сталоў і стулкаў. Цікавасць у наведвальнікаў вызвала і выстава вырабаў КЖЭУП «Ельскае». Майстры прадпрыемства з ахвотай расказвалі пра новыя вырабы мэблі для дач, а таксама пра мэблевыя наборы для дзяцей, якія карыстаюцца попытам як на Ельшчыне, так і за межамі раёна.

Актыўны ўдзел у кірмашы прынялі гарадскія школы, дашкольныя ўстановы і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Бойкі гандаль арганізавалі школьнікі і выхавацелі. Смачная выпечка, закаткі з гародніны, разнастайныя вырабы з дрэва, скуры, тканіны, прыгожыя сувеніры, – усё гэта прыцягвала ўвагу пакупнікоў.

Узняць настрой людзям стараліся ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раёна. А работнікі грамадскага харчавання імкнуліся накарміць усіх жадаючых гарачымі апетытнымі блінамі, смачнымі шашлыкамі і іншымі духмянымі стравамі.

«Восеньскія кірмашы працягнуць сваю работу па суботах і нядзелях яшчэ некалькі разоў, – зазначыла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Святлана Бугаенка. – Гэта дапаможа гаспадаркам рэалізаваць вырашчаную прадукцыю, а гараджанам зрабіць зімовыя вітамінныя запасы».

Таццяна Петрухно



1 комментарий по теме “Восеньскі кірмаш у Ельску

  1. на ярмарке не была, но посмотрела фото и как будто сама прошлась по торговым рядам. Хорошо, редакция, что ставите столько много фото. Многих знакомых увидела… Здорово!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *