Пераможцам раённага спаборніцтва сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў, занятых на нарыхтоўцы кармоў у 2013 годзе, прызнаны камбайнер кормаўборачнага камбайна КСУП «Саўгас «Камуніст» Віктар Шваб. На камбайнах Е-281 і УЭС-2-250А+КПК3000 ён забяспечыў нарыхтоўку 44302 умоўных тон травяністых кармоў.
Усяго ў сельскай гаспадарцы Віктар Уладзіміравіч працуе 26 гадоў. Спачатку шчыраваў у гаспадарцы «40 гадоў Кастрычніка», а пасля аб’яднання – у КСУП «Саўгас «Камуніст». І ўвесь гэты час працуе на трактарах і кормаўборачных камбайнах, выконвае разнастайныя заданні і даручэнні.
Дзякуючы свайму багатаму працоўнаму вопыту механізатара, адказнасці і працалюбству карыстаецца павагай і даверам сярод працаўнікоў гаспадаркі.