Хрызантэма – царыца восені

Общество

Вялікія прыгожыя хрызантэмы, а таксама ружы і калы вырошчваюць і ў нашым горадзе – у цяпліцах КЖЭУП «Ельскае». Займаецца іх вырошчваннем рабочая зялёнага будаўніцтва Лідзія Цалка. Жанчына вопытная і адказная, Лідзія Васільеўна любіць кветкі ўсёй сваёй душой і аддае ім многа сваіх сіл.

DSC_3290
– Зараз, восенню, – расказвае Лідзія Цалка, – асаблівым попытам карыстаюцца хрызантэмы, якія людзі набываюць для букетаў. Хрызантэм у нас больш за дзесяць гатункаў: белыя, бардовыя, ружовыя і інш. Кветкі вельмі вялікія і шыкоўныя. Яны парадуюць кожнага, каму будзе зроблены падарунак. Ды і падарыць гэтую пушыстую кветкавую радасць каштуе зусім нядорага. А са станоўчымі эмоцыямі, атрыманымі ад букета свежанькіх кветак, не можа параўнацца ніякая цана.

Кветкі ў цяпліцы патрабуюць пастаяннага догляду.

– Каб сама кветка хрызантэмы атрымалася вялікай і прыгожай, – дзеліцца сакрэтам Лідзія Васільеўна, – трэба ўвесь час абломваць маладыя парасткі, якія забіраюць у расліны сілу і пажыўныя рэчывы, апрацоўваць ад шкоднікаў. Калі кветкі адцвітаюць, мы абнаўляем кусты: маладыя парасткі высаджваем у глебу, а старыя расліны – ліквідуем.

Акрамя хрызантэм, руж і калаў, у цяпліцах КЖЭУП «Ельскае» з ранняй вясны вырошчваецца расада разнастайных кветак для высадкі на клумбах горада. Усе расліны, безумоўна, патрабуюць клопату, увагі і догляду. Хаця часам гэта бывае і нялёгка, прызнаецца Лідзія Цалка, але ж і аддача ў выглядзе прыгожых кветак і ўдзячных пакупнікоў заўсёды радуе.

Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *