Рамязоўская хата дарамі багата


Этнаграфічны куток Рамязоўскага СДК уяўляе сабой сялянскую хату першай паловы XX стагоддзя. Там сабраны розныя бытавыя рэчы, а таксама прылады працы, без якіх не магла абысціся ў тыя далёкія часы ніводная сялянская сям’я.
DSCI0008
Экскурсію па «Рамязоўскай хаце» для чытачоў раённай газеты правяла бібліятэкар Рамязоўскага СДК Любоў Цімошчанка. Як сапраўдная гаспадыня, яна дбае аб чысціні і ўтульнасці гэтага прыгожага самабытнага куточка, клапоціцца аб цэласці і захаванасці кожнай музейнай рэчы.

– Нашы продкі ўсё рабілі сваімі рукамі, – расказвае Любоў Васільеўна. – Жанчыны пралі кудзелю, ткалі палатно, шылі адзенне, гатавалі ежу, няньчылі і расцілі дзяцей… Мужчыны рабілі неабходныя ў гаспадарцы прылады працы, посуд і іншыя карысныя рэчы. Вось сядзіць наш «дзядок», а вакол яго – мужчынскія прылады гаспадарання. Таксама каля яго мы размясцілі ваенныя рэліквіі: салдацкія кацялок, біклажку, рэмень, пілотку…

А вось вялікая скрыня, якая колісь была замест шафы. У ёй гаспадыня трымала адзенне, захоўвала пасаг для дачок. Далей вы бачыце ткацка-прадзільны станок, кросны, калаўрот, прылады для прасавання… У нас ёсць некалькі прасаў на вуголлі.

Руская печ звычайна займала чвэрць, а то і палову памяшкання. Вось і ў нашай хаце стаіць вялікая печ, каля печы – вілкі, або, як у многіх вёсках кажуць, вілошнікі, драўляная лапата, на якой вымалі хлеб з печы. Вялізная ступа, у якой не хапае толькі Бабы Ягі, вельмі падабаецца нашым маленькім наведвальнікам. Дзеці заўсёды пытаюцца, ці можна на ёй лётаць.

У чырвоным куце, як і мае быць, вісіць ікона. У кутку стаіць ложак, які прыгожа прыбраны вышыванымі посцілкамі і сурвэткамі. Над ложкам – два кілімы, якія гадоў дваццаць таму назад я сама выбіла іголкай. У нас, у Рамязах, многія жанчыны захапляліся выбіўкай дываноў.

Амаль у кожнай сялянскай хаце была дзіцячая люлька, вось і у нас ёсць. Гляньце, нават «немаўлятка» ў ёй спіць. А вось звярніце ўвагу на адзенне, у якім хадзілі нашы продкі. У жаночым гардэробе абавязкова быў андарак, спадніцы, вышываныя сарочкі і фартухі, квяцістыя хусткі… У мужчынскім – палатняныя кашулі і порткі. На нагах насілі лапці, а ўзімку – валёнкі. Кірзавыя боты абувалі толькі ў святы.

Усе экспанаты нашай хаты-музея належалі жыхарам вёскі Рамязы. Усё гэта мы збіралі, як кажуць, усім мірам. Напрыклад, старадаўні самавар і прас на вуголлі падарыла музею Марыя Лук’янаўна Сыч. А вось гэтую прыгожую вішнёвую спадніцу з кітайскай тканіны прынеслі нашчадкі Евы Заяц. У 1922 годзе тканіну на гэтую спадніцу падарыў ёй на сватанне жаніх-салдат, які вярнуўся дадому з вайны. Ён прайшоў Першую сусветную і Грамадзянскую войны, быў у Кітаі, дзе і купіў тканіну для сваёй каханай дзяўчыны. Як бачыце, амаль кожная рэч у нашым этнаграфічным кутку мае сваю гісторыю.

Ірына Дарына



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *