Ідзе рамонт тэхнікі

Сельское хозяйство

Сённяшняя зіма больш падобна на раннюю вясну. Палеткі адпачываюць, захутаныя ў туман, а замест звыклых для вока ў гэты час сумётаў на палях блішчаць лужыны па зялёным малахіце азіміны. Зрэдку можна ўбачыць трактар, які задумліва і паважна каціць па шашы ў пункт прызначэння. Але гэта не гаворыць аб тым, што вёска спіць да вясны. Жыццё, як і раней, б’е крыніцай, толькі схавана за сцены жывёлагадоўчых комплексаў і майстэрняў.

DSC_5666
Мы вырашылі ў гэтым пераканацца: звярнулі з дарогі і заехалі на мехдвор ДП «Ельскае Палессе». Ля майстэрні пабліскваў зварачны апарат, а ў самім памяшканні некалькі чалавек чаравалі над агрэгатамі і прыстасаваннямі. Нас сустрэў выконваючы абавязкі галоўнага інжынера Павел Цімошчанка. Было прыемна бачыць чалавека, які, нягледзячы на малады ўзрост, ужо стаў пераможцам раённага спаборніцтва на ўборцы збожжа. Як нікому іншаму, Паўлу добра вядома, што ў гарачы час сяўбы і збору ўраджаю тэхніка павінна працаваць як швейцарскі гадзіннік – кожны дзень у прамым сэнсе слова на вагу золата. На наша пытанне, чаму нязвыкла ціха зараз на мехдвары, Павел адказаў:

– Гэта цішыня – падман. Зараз выконваецца вельмі многа работы ў розных накірунках. Як бачыце, тут рыхтуецца тэхніка да пасяўной, вось там выконваецца цякучы рамонт. У сельскай гаспадарцы тэхніцы адпачываць няма часу. Толькі зараз падвозяцца сена і салома да жывёлагадоўчых комплексаў, праводзіцца раздача кармоў, вывозіцца арганіка на палеткі і многае іншае. Зіма як прыйдзе раптоўна, так раптоўна і скончыцца, а пад веснавым сонцам зямля сохне вельмі хутка, таму для сяўбы будзе адведзены вельмі кароткі тэрмін. Тэхніка ў гэты перыяд не павінна падвесці. Таму часу для адпачынку практычна няма.

На фота: зваршчык Уладзімір Конанаў вядзе цякучы рамонт пад кіраўніцтвам Паўла Цімошчанкі.

Алесь Таполя



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *