Да новых сустрэч на эфірным радыё


Не так даўно правадное радыё было практычна ў кожнай кватэры. Па ім звяралі гадзіннікі, даведваліся пра навіны і надвор’е, слухалі музыку, песні, віншаванні, вершы, тэатральныя пастаноўкі. І цяпер у многіх дамах і кватэрах яно размаўляе з пажылымі людзьмі, спаганяе адзіноцтва з кухняў. І ўсё ж, калі з’явілася інфармацыя аб тым, што правадное радыё ў Беларусі перастане вяшчаць да канца 2014 года, далёка не ўсе ўспрынялі гэта як мае быць.
DSC_7079
Амаль пяцьдзясят год правадное вяшчанне было на піку папулярнасці. Але прагрэс унёс свае карэктывы – папулярнасць адышла да тэлебачання, мабільных сістэм і інтэрнэту. Аб зніжэнні рэйтынгу радыёкропак гаворыць і той факт, што на працягу апошняга часу на Ельшчыне ніхто не падаў заяву на падключэнне правадной сеткі, а толькі на адключэнне.

Але раптоўнага адключэння праваднога радыё не адбудзецца, запэўнілі ў РУП «Белтэлекам»: «Сёння праводзіцца планавая аптымізацыя сеткі праваднога вяшчання ў сувязі з крытычнымі тэрмінамі эксплуатацыі драўляных або жалезабетонных апор, далейшае выкарыстанне якіх выклікае турботу ў частцы пытанняў забеспячэння бяспекі пры іх эксплуатацыі і абслугоўванні». Акрамя таго, у буйных гарадах Беларусі правадное вяшчанне яшчэ застанецца.

Але не толькі зніжэнне папулярнасці і прагрэс унеслі карэктывы ў работу правадной сеткі. Трэба ўлічваць той факт, што абсталяванне, на якім працуюць аналагавыя сродкі перадачы інфармацыі, маральна састарэлі, а каб падтрымліваць іх ў рабочым стане, патрэбны вялікія сродкі.

– На жаль, гэтая паслуга стала нерэнтабельнай, – патлумачыў начальнік Ельскага РВЭС Мікалай Панфілаў. – Абанентская плата за карыстанне радыёкропкай нізкая, а выдаткі на тэхнічнае абслугоўванне праваднога вяшчання высокія. У якасці альтэрнатывы мы прапануем выкарыстоўваць сучасныя радыёпрыёмнікі, якія прымаюць праграмы Першага канала Беларускага радыё і мясцовага ў УКХ-дыяпазоне. Жадаючыя набыць такі апарат могуць да нас звярнуцца. Мы не толькі даставім яго, але і забяспечым гарантыйнае абслугоўванне.

У жыхароў не толькі Ельшчыны з’явілася магчымасць слухаць радыёстанцыі ў эфіры з дапамогай УКХ-радыёпрыёмнікаў, якія ёсць і ў мабільных тэлефонах, у бытавой тэхніцы, а таксама ў сусветнай павуціне. Мясцовая ра-дыёперадача «Ельскія навіны» ўжо набыла сваіх слухачоў у эфіры і інтэрнэце. Супрацоўнікі «Белтэлекама» правялі адпаведныя тэхнічныя мерапрыемствы для трансляцыі ў эфіры праграмы мясцовага радыё. Такім чынам, радыёперадачы Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё можна слухаць як дома, так і на працы, у час адпачынку, а таксама кіруючы аўтамабілем. А мясцовую радыёперадачу «Ельскія навіны» можна пачуць па серадах з 6.25 да 6.40 гадзін на хвалі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё на частаце 67.2 МГц, а таксама ў інтэрнэце па адрасе: www.elsk.by.

Такім чынам, каб злавіць у эфіры «сваю хвалю», грамадзянам патрэбен прыёмнік, які дазваляе прымаць праграмы, што транслююцца ў дыяпазоне вельмі высокіх частот (УКХ альбо FM).

– УКХ-прыёмнікі спажываюць мінімум электраэнергіі, – адзначыў намеснік міністра інфармацыі РБ Дзмітрый Шэдко на нара-дзе ў Гомелі з прадстаўнікамі СМІ, што адбылася на мінулым тыдні. – У сярэднім за год дадаткова за спажытую энергію трэба будзе заплаціць усяго каля васьмі тысяч беларускіх рублёў, зыходзячы з цяперашніх тарыфаў.

Так што ў любым выпадку насельніцтва сам-насам не застанецца і будзе слухаць любімыя радыёперадачы як і раней, а тое, што «гучнагаварыльны» апарат будзе прывязаны да разеткі ці працаваць на батарэйках, ужо асаблівай ролі не іграе.

Мы з вамі не развітваемся, а гаворым: да новых сустрэч у радыёэфіры!

Алесь Таполя



1 комментарий по теме “Да новых сустрэч на эфірным радыё

  1. Да, я слышал, что районное радио один раз в неделю теперь выходит. Мне хватает и на сайте районки его послушать. это хорошо, что так сделали, а то рано подниматься я не могу, чтобы ловить эфир, а так, когда захотел, тогда и послушал. Вот это проресс.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *