Доўг да суда давядзе

Правовое поле

Усім даўно вядомы крылаты выраз «Хочаш нажыць ворага, пазыч грошай», апошнім часам набыў вельмі вялікую актуальнасць. Не важна, пазычыў грошай на заходзе сонца або ў вялікае свята – галоўнае юрыдычна правільна аформіць здзелку, інакш ніякія прыкметы не дапамогуць вярнуць «нажытае непасільнай працай».

Сигай
За кансультацыяй па гэтым пытанні мы звярнуліся да суддзі Ельскага раённага суда Аляксандра Сігая.

– Аляксандр Аляксеевіч, у якім выпадку афармляецца распіска?

– Дагавор пазыкі, па-простаму распіска, у адпаведнасці са ст. 761 Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь павінен быць заключаны ў пісьмовай форме пры перадачы грошай у доўг, калі гаворка ідзе пра суму ў дзесяць і больш базавых велічынь. Інакш даказаць правату ў судзе не дапамогуць нават словы сведкі, які прысутнічаў пры перадачы грошай, бо сведкавыя паказанні ў такіх справах не прымяняюцца. Пацвярджэннем вяртання грошай па дамове пазыкі з’яўляецца распіска крэдытора аб атрыманні доўгу ці іншыя пацвярджальныя дакументы.

– Ці трэба запрашаць юрыста для складання распіскі?

– Распіска складаецца ў вольнай форме. Галоўнае, каб было ўказана, хто, у каго, калі, на які тэрмін і пад які працэнт узяў грошы ў доўг. Пры гэтым завяраць такі дакумент натарыяльна не абавязкова. Пажадана, каб ён быў напісаны рукой таго, каму перадаюцца грошы. Тады яшчэ адным доказам у судзе можа стаць вынік почырказнаўчай экспертызы.

– Уладальнікі машын, якія трапілі ў ДТЗ, вырашылі разабрацца ў сітуацыі самастойна. У віноўніка аварыі не было з сабой неабходнай сумы, каб пакрыць шкоду. Вадзіцель разбітага аўто ўзяў распіску, нібыта вінаваты пазычыў у яго грошы. Ці правамерна ён зрабіў?

– У падобных выпадках суд абавязвае, зноў жа згодна з арт. 760, 761 Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь, выплаціць суму, пазначаную ў распісцы, калі ў законным парадку не будзе ўсталявана версія адказчыка. Такі дагавор пазыкі не можа быць аспрэчаны сведкавымі паказаннямі.

– А можа распіска быць несапраўднай?

– Распіска можа быць прызнана несапраўднай, калі яна складзена падманным шляхам або сілай. Калі такое адбылося, трэба адразу звярнуцца ў міліцыю. Інакш, калі ўяўны пазыкадаўца звернецца ў суд з заявай аб спагнанні доўгу, можа быць позна. Акрамя таго, пазычальнік мае права аспрэчыць дагавор пазыкі і даказаць, што грошы ў рэчаіснасці не атрыманы ім ад пазыкадаўцы, або атрыманы ў меншай колькасці. У такім выпадку дагавор пазыкі будзе лічыцца несапраўдным.

– Ці вызначаны заканадаўча час вяртання грошай па распісцы?

– Калі ў распісцы не паказаны тэрмін вяртання пазыкі або вызначаны момантам запатрабавання, то сума павінна быць вернута на працягу трыццаці дзён пасля патрабавання пазыкадаўцы, як гэта прадугледжана арт. 763 Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь.

Юрысты раяць сваё патрабаванне аформіць у пісьмовай форме і даслаць заказным лістом. У выпадку, калі тэрмін вяртання грошай пазначаны, доўг можна датэрмінова вярнуць.

Алесь Таполя



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *