Сагрэць сваім цяплом


Да працавітых, прыемных, адкрытых людзей можна з поўным правам аднесці пенсіянерку Таццяну Ляўкоўскую з вёскі Валаўск, якая шмат гадоў працавала ветэрынарам. Да сваіх абавязкаў Таццяна Аляксееўна заўсёды ставілася з адказнасцю, ды і любіла сваю працу.

Левковская
Пасля заканчэння Рэчыцкага тэхнікума ў 1970-м годзе прыйшла на працу ў Валаўскі саўгас, дзе і атрымала сваё «баявое хрышчэнне».

Свае абавязкі выконвала добрасумленна і якасна. У вёсцы Валаўск ёй пашчасціла сустрэць і сваю палавінку. З мужам яны пражылі шчаслівае жыццё і выхавалі траіх дзяцей, якія нарадзілі ім на радасць шасцярых унукаў. Сёння ва ўсіх гаспадарскіх справах жанчыне дапамагаюць дзеці і ўнукі, якія збіраюцца на дапамогу ад малога да вялікага.

Цяпер у жанчыны ўсё мерна, у хатняй гаспадарцы – толькі куры. Агарод Таццяна Аляксееўна не залічвае да свайго хобі, кажа, у вёсцы гэта неабходнасць. Свой час яна мяркуе так, каб ніхто з родных і сяброў не застаўся без увагі. І ў калгас сходзіць на дапамогу, бо для людзей з вёскі праца – другое дыханне. А ўлетку Таццяна займаецца з унукамі, якіх ёй прывозяць дзеці. І для дзетак гэта не ссылка ў глуш, а глыток свежага паветра.

«Самае вялікае багацце – гэта мае дзеці і ўнукі, якія напаўняюць маё жыццё сэнсам», – упэўнена Таццяна Ляўкоўская.

Анастасія БЯЛЯК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *