Вам паштоўка


Алена Хамец ужо не першы год працуе паштальёнам у аддзяленні паштовай сувязі вёскі Засінцы. Вестачкі ад родных і блізкіх, свежую прэсу і розныя тавары яна дастаўляе жыхарам розных вёсак штодня.
DSCF3991
«Вядома ж, падабаецца мне мая праца, я тут ужо сем гадоў працую? Канешне, нялёгка працаваць, ды лёгкай працы не бывае!», – кажа Алена Хамец (на фота злева).
Участак у Алены Уладзіміраўны немаленькі. Абслугоўвае паштальён жыхароў вёсак Засінцы, Кавалі, Якімы, Шатуны. А гэта дзясяткі вуліц, дамоў, сотні людзей розных узростаў і характараў. Нягледзячы на надвор’е, калясіць Алена Хамец на сваім «двухколавым таварышы» ад хаты да хаты, ад чалавека да чалавека. Хтосьці чакае пенсію, хтосьці свежую газету, якая яшчэ пахне друкарскай фарбай, а хтосьці проста чакае дарагога паштальёна, каб пагутарыць. Паважаюць гэтага чалавека ў сіняй уніформе з тоўстай сумкай на рамяні.
Ведаюць добра Алену Хамец не толькі ў бліжэйшых вёсках, але і ў суседнім Падгаллі, дзе яна часта падмяняе загадчыка аддзялення паштовай сувязі.
«Актыўнымі чытачамі і падпісчыкамі на маім участку застаюцца пенсіянеры, настаўнікі, работнікі гаспадаркі і лясніцтва. Вядома ж, на першым месцы па папулярнасці знаходзіцца наша «раёнка»: ведаць, што адбываецца на Ельшчыне, хочуць усе».
Застаецца ў Алены Уладзіміраўны час і на сям’ю, дом і гаспадарку, без якой у вёсцы проста не абысціся. Дзеткі растуць – і ім трэба дапамагаць: старэйшы сын ужо вызначыўся ў жыцці і цяпер вучыцца ў Мазырскім політэхнічным каледжы, а вось дачка-шасцікласніца пакуль дапамагае маці на прысядзібным участку. І хоць часу на адпачынак не так ужо і шмат, але ўсё ж імкнецца Алена Уладзіміраўна ўдзяліць хвілінку для чытання, яшчэ хвілінку – для догляду за сваімі ўлюбёнцамі-кветкамі.

Алесь Таполя



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *