Які цудоўны гэты свет

Общество

Відовішчна, ярка, цікава і весела прайшоў напярэдадні Дня абароны дзяцей у гарадскім Доме культуры «Колас» фестываль творчасці дзяцей дашкольнага ўзросту пад назвай «Які цудоўны гэты свет». Ён ператварыўся ў сапраўднае свята як для дзяцей, так і для дарослых.

DSC_3098
Традыцыя праводзіць на гасціннай ельскай зямлі такі цудоўны дзіцячы фестываль была пакладзена ў 2008 годзе. Кожны год на свята запрашаюцца госці з суседніх раёнаў. Сёлета на фестываць творчасці дзяцей дашкольнага ўзросту прыехала дэлегацыя з Лельчыцкага раёна на чале з кіраўніком аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Перад святам госці наведалі Млынокскі яслі–сад і дзіцячы садок № 1 горада Ельска, пазнаёміліся з асаблівасцямі арганізацыі выхаваўчай работы ў гэтых установах адукацыі, падзяліліся сваімі ўражаннямі і абмяняліся думкамі і вопытам.

DSC_3183
Хлебам-соллю віталі гасцей фестывалю дзеці і выхавацелі дашкольных устаноў. Ім былі паказаны непаўторныя і арыгінальныя вырабы на выставе дзіцячай творчасці, што размясцілася ў холе ГДК «Колас».

DSC_3187
Адкрыў фестываль творчасці дзяцей дашкольнага ўзросту Віктар Амяльчук, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ельскага райвыканкама. Ён зазначыў, што фестываль кожны год набірае абароты, пашырае межы. Менавіта на гэтым свяце добра відаць цеснае супрацоўніцтва паміж сям’ёй і ўстановай адукацыі ў развіцці творчых здольнасцей дзяцей.
Любая добрая справа, добрае пачынанне, а тым больш фестываль-свята, не абыходзіцца без божага благаслаўлення. Перад пачаткам творчага выступлення настаяцель Храма Святой Жываначальнай Троіцы пратаіерэй Георгій пажадаў усім безвоблачнага, бесклапотнага і мірнага жыцця, благаславіў дзяцей на паспяховае творчае спаборніцтва.
Вядучыя мерапрыемства – Лявон ды Лявоніха – запрасілі ўсіх на цудоўнае і непаўторнае свята. Колькі танцаў, спевак гучала ў гэты дзень са сцэны! Захапляльнае шоу нікога не пакінула раўнадушным. Ды і ці магло быць інакш?! Нацыянальныя беларускія танцы ў выкананні прыгожа касцюміраваных дашкалят заварожвалі ўсіх прысутных у зале. Танец са снапкамі, з лыжкамі, з саксафонамі, з табурэткамі, танец анёлаў – гэта далёка не поўны пералік шматлікіх танцавальных пастановак, што выконвалі рабяты з дзіцячых садкоў № 1, 2 г. Ельска і Млынокскага ясляў-сада. Уразіў і вельмі расчуліў гледачоў танец з татамі, калі ў рытмах вальса дзяўчынкі прызнаваліся сваім бацькам у каханні. Маленькія артысты з Зашыр’я пранікнёна перадавалі ў песнях сваю любоў да роднай зямлі, да квітнеючай і незалежнай Беларусі.
Не шкадавалі апладысментаў гледачы і крыкамі «Брава!», «Малайцы» падтрымлівалі хлапчукой і дзяўчынак, што выступалі на сцэне.
Пры падвядзенні вынікаў фестывалю былі адзначаны Граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама калектыў дзіцячага садка № 1, як самы творчы калектыў. Ад сваіх шэфаў – райпо і ЛДД – ён атрымаў сертыфікаты на суму 1 мільён рублёў.
Дзіцячы садок № 2 г. Ельска быў узнагароджаны Граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ў намінацыі «Касцюміраваная гасціная». Акрамя таго, шэфская арганізацыя ААТ «Аграсервіс» падаравала калектыву каштоўны падарунак.
У намінацыі «Танцуючыя кветачкі» перамога дасталася калектыву Млынокскага ясляў-сада. Яны былі ўзнагароджаны Граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і атрымалі каштоўны падарунак ад шэфаў (КСУП «Дабрынь»).
Граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ў намінацыі «Маленькія зорачкі» быў адзначаны калектыў Зашырскага ясляў-сада. Разам з Граматай яны атрымалі каштоўны падарунак ад калектыву КСУП «Саўгас «Камуніст».
Дзякуючы цудоўна распрацаванаму сцэнарыю і рэжысёрскай працы Ірыны Семяненка, музычнага кіраўніка дзіцячага сада «Сонейка», фестываль ператварыўся ў сапраўднае свята дзяцінства, творчай непасрэднасці і таленавітасці. За гэта Ірына Эдуардаўна была ўзнагароджана Граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Акрамя таго, падзякі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама атрымалі музычныя кіраўнікі дзіцячых садкоў, што прадставілі канцэртныя праграмы на фестываль (Таццяна Мчэдлідзе, Валянціна Высоцкая) і калектыў дзіцячага сада № 5 за ўдалую прэзентацыю творчай выставы.

Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *