Сённяшні дзень «Ельскага Палесся»

Предприятия Сельское хозяйство

Дзяржаўнае прадпрыемства «Ельскае Палессе» на сённяшні дзень з’яўляецца адным з буйнейшых у раёне. Агульная колькасць работнікаў прадпрыемства складае 224 чалавека, з іх 46 жывёлаводаў, 16 аператараў машыннага даення, 32 трактарысты-машыністы, 19 вадзіцеляў і інш. Для рэалізацыі вытворчай дзейнасці прадпрыемства мае 34 трактары, 5 пагрузчыкаў «Амкадор», 17 аўтамабіляў і г.д.
DSCF2849

Асноўнымі крытэрыямі ў дасягненні поспехаў у сельскагаспадарчай галіне з’яўляецца дысцыпліна, добрасумленнае стаўленне работнікаў да выканання ўскладзеных на іх абавязкаў і якасць вырабленай сельгаспрадукцыі. Акрамя таго, патрэбна сур’ёзна займацца мадэрнізацыяй вытворчасці як у жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве, да таго ж не абысціся без належнага ўзаемаразумення паміж членамі гаспадаркі, кіраўніцтвам, спецыялістамі і радавымі працаўнікамі, – адзначыў у адным з інтэрв’ю нашай газеце дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Ельскае Палессе» Уладзімір Матузка.

Агульная зямельная плошча прадпрыемства складае 7776 гектараў, у тым ліку 4328 га пашні. Больш за 2 тысячы гектараў займаюць сенакосы і пашы. На 4981 гектары пасяўной плошчы ў гаспадарцы вырошчваюць жыта, трыцікале, ячмень, авёс, проса, сою, грачыху, рапс, гарошак, кукурузу. На фермах і малочнатаварных комплексах гаспадаркі ўтрымліваецца каля 4 тысяч буйной рагатай жывёлы, у тым ліку амаль паўтары тысячы кароў.

DSC04984

Няма нічога больш пастаяннага ў сённяшнім імкліва развіваючымся свеце, чым сельская праца. Якія б тэхналогіі і тэхніка ні ўкараняліся ў сельскагаспадарчую вытворчасць, натруджаныя рукі вяскоўцаў – самыя незаменныя. Ім прыходзіцца працаваць з самага ранку і да заходу сонца, каб на нашых сталах заўсёды былі каравай хлеба і крынка малака.

DSC05057
Менавіта такіх апантаных сваёй справай працаўнікоў нямала і ў ДП «Ельскае Палессе». Сярод іх пастаянныя лідары сёлетніх раённых спаборніцтваў на ўборцы збожжа камбайнеры Сяргей Прышчэп і Павел Цімошчанка.Стараннасць, жаданне працаваць і дапамагаць адзін аднаму спрыяюць прадуктыўнай і паспяховай дзейнасці экіпажа, які на раніцу 28 ліпеня ўжо намалаціў 1072 тоны зерня. Не адстае ад хлопцаў і малады вадзіцель Уладзімір Бялоцкі, што працуе на адвозцы зерня ад камбайнаў. Кіруючы аўтамабілем МАЗ-555, Уладзімір ужо перавёз 1084 тоны збожжа.

З ранняй вясны і да позняй восені, як і ў іншых гаспадарках раёна, шчыруюць на сваіх палетках аграрыі «Ельскага Палесся». Зараз жа для іх настаў адзін з самых адказных і напружаных перыядаў – уборка ўраджаю. Няма калі марнаваць час, неабходна пастарацца выкарыстаць кожную хвіліну, каб як мага хутчэй сабраць вырашчанае на палетках.
– Усяго сёлета хлебаробам гаспадаркі (а гэта шэсць экіпажаў) належыць убраць 1825 гектараў, – паведаміў выконваючы абавязкі галоўнага агранома ДП «Ельскае Палессе» Мікалай Крупа. – Нагрузка на адзін камбайн складае крыху болей за 300 гектараў. Сёлета ўраджай чакаецца больш багаты, чым у мінулым годзе. Сярэдняя ўраджайнасць жыта на сёння складае 20–25 цэнтнераў з гектара. Крыху больш шчодры колас у ячменя – прыкладна 30 цэнтнераў з гектара.

DSCF6826
Нямала працы ўкладзена ў тое, каб вырасціць хлеб. Таму зараз для хлебаробаў галоўнае – дастойна адпрацаваць на хлебнай ніве, убраць вырашчаны ўраджай тэрмінова і без страт. Потым можна будзе перавесці дух… і зноў за працу – чакаюць корманарыхтоўкі, прэсаванне саломы, падрыхтоўка глебы пад азімыя і інш.

На нарыхтоўцы кармоў добра спрацавалі Уладзімір Яцухна і Уладзімір Абрамчук. Уладзімір Сушчык, Мікалай Любін, Васіль Семяненка адзначыліся на нарыхтоўцы сена. Вынікамі сваёй працы заўсёды радуюць вопытныя аператары машыннага даення і Валянціна Бараноўская Ірына Сарокіна, якая з’яўляецца пераможцай рэспубліканскіх спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2013 годзе сярод аператараў машыннага даення.

IMG_0068

З добрым настроем добра і працаваць

Ведаючы гэту аксіёму, удзельнікі гурта «Весялуха» Старавысокаўскага цэнтра культуры і вольнага часу – частыя госці ў сельскагаспадарчых вытворчых калектывах, дзе сваімі песнямі, жартамі і вясёлым задорам натхняюць працаўнікоў вёскі на плённую працу.

Па словах дырэктара Старавысокаўскага ЦКіВЧ Уладзіміра Невяроўскага, падобныя канцэрты для іх сталі ўжо традыцыйнымі. Так, у мінулым годзе ўдзельнікі аматарскай творчасці наведвалі мехдвары і малочнатаварныя фермы, у час жніва выязджалі на палі, зернятокі, весялілі жывёлаводаў, камбайнераў, вадзіцеляў, выконваючы народныя і сучасныя песні, якія найбольш да спадобы гледачам. З задавальненнем працягваюць гэту добрую традыцыю і ў час сёлетняга жніва.
Дарэчы, такія агітбрыгады існуюць і пры іншых установах культуры. Звычайна яны цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Так, летась вельмі спадабалася працаўнікам зернятоку і малочнатаварнай фермы ў вёсцы Новае Высокае выступленне калектыву Млыноцкага КСЦ «Вечарынка» пад кіраўніцтвам Марыны Шчарбаковай. Чакаюць іх там і ў гэтым годзе.
Артысты расказваюць, што такія мерапрыемствы разлічаны прыкладна на паўгадзіны і праводзяцца ў абедзенныя перапынкі ці другі зручны час для падобнага адпачынку. У карысці ж такіх канцэртаў упэўнены і самі працаўнікі. Па іх меркаванню, яны ўзбадзёрваюць, прыносяць радасць гледачам, аб’ядноўваючы працаўнікоў вёскі не толькі ў працы, але і ў сумесным адпачынку.

Жанна Рынгоўская



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *