Жнівень знаходзіць, што поле народзіць

Сельское хозяйство

Па абодва бакі вядомай трасы Бабруйск – мяжа Украіны, хаваючыся ў пералесках, раскінуліся землі самага вялікага па займаемай плошчы сельгаспрадпрыемства Ельскага раёна – КСУП «Дабрынь».

Генадзь-Дражын
Дырэктарская «Ніва», за рулём якой сядзеў кіраўнік КСУП «Дабрынь» Генадзь Дражын, лёгка рушыла па палявой дарозе, уздоўж якой аж да самага гарызонту раскінуліся пасадкі каралевы палёў – кукурузы. На залатакалосых нівах ужо скончыўся збор ураджаю ранніх збожжавых культур, таму сёння–заўтра на гэтых палетках загудуць маторы моцных камбайнаў – пачнецца загатоўка сіласнай масы з кукурузы.

Сямейны-экіпаж-Мікалая-і-Аляксандра-КанаводаўВадзіцель-тысячнік-Аляксандр-Анішчанка
– Для нашай гаспадаркі гэты сезон вельмі ўдалы. Мы сабралі добры ўраджай, большы на дзве тысячы тон, чым летась. З дзвюх тысяч гектараў плошчаў, засеяных зерневымі, сабралі 6354 тон зерня пры ўраджайнасці 30,5 ц/га, – пачаў гутарку Генадзь Дражын.

Міхаіл-Дворакбраты-шаўцовы
Усе вадзіцелі-тысячнікі
З гонарам кіраўнік гаспадаркі гаварыў пра камбайнераў-тысячнікаў. Мікалай Канавод ужо многа гадоў працуе ў гаспадарцы механізатарам, а як прыходзіць сезон – разам з сынам Аляксандрам выводзяць у поле камбайн. Міхаіл Дворак таксама ўжо больш за 20 сезонаў за штурвалам камбайна, і трэці год запар у памочніках сын Яўген. Ёсць і маладзёжны экіпаж-тысячнікаў – гэта Аляксандр Шаўцоў і Мікалай Ліцвін. Па словах Генадзя Уладзіміравіча, нягледзячы на малады ўзрост, працавалі хлопцы добрасумленна і на ўзроўні з больш вопытнымі механізатарамі. Маладыя людзі самастойна падрыхтавалі да сезону камбайн, адпрацавалі гарачую пару без паломак. Увогуле Аляксандр пасля заканчэння Чырвонабярэжскага сельскагаспадарчага каледжа прыйшоў у гаспадарку і працуе загадчыкам майстэрні, а ва ўборачную сеў на камбайн. Выказаў словы падзякі Генадзь Дражын і іншым камбайнерам, сярод якіх былі прадстаўнікі не толькі КСУП «Дабрынь», але і «Ельскага лясгаса», ПМС, РВЭС: Сяргею Шаўцову і Уладзіміру Канаводу, Сяргею Альховіку і Міхаілу Голубу, Аляксандру Жукевічу і Уладзіміру Ігнатовічу, Анатолю Наско і Аляксандру Будкоўскаму, Эдуарду Цалка і Іллі Гладышка, якія, нягледзячы на гарачыя ўмовы жніва, адпрацавалі вельмі дастойна.

Дабрыначка-віншуе-хлебаробаў
А вось вадзіцелі сельгаспрадпрыемства, якія былі задзейнічаны на адвозцы збожжа – Аляксандр Анішчанка, Аляксандр Кажадуб, Уладзімір Касуха, Анатоль Бяляцкі, выйшлі ў лідары раённага спаборніцтва.
Асаблівых паломак падчас жніва не было, усе праблемы вырашаліся аператыўна, камбайны рамантаваліся прама ў полі і зноў прыступалі да работы.
Ураджай у засеках
Па словах Генадзя Дражына, намалочанае зерне было перапрацавана амаль адразу пасля заканчэння ўборкі. Асноўная нагрузка прыйшлася на перапрацоўчы комплекс ЗСК-30, які знаходзіцца ў Млынку. Працаваў ён у гэтыя дні кругласутачна. Хуткай перапрацоўцы спрыяла не толькі добрае і сухое надвор’е, але і добрасумленная праца работнікаў зернеперапрацоўчага току. Адзначыў Генадзь Уладзіміравіч аператараў Сяргея Легліка, Сяргея Царанка, Андрэя Венцэля.
Больш за 400 тон ачышчанага зерня засыпана для правядзення азімага севу, больш за 200 тон – для яравога, а каля 900 тон хлеба прададзена дзяржаве.
Гарачая пара працягваецца
Зараз у работнікаў КСУП «Дабрынь» надышла не менш гарачая пара – трэба пачынаць азімы сеў і закласці на захоўванне кукурузны сілас. У гаспадарцы гэтаму надаецца асобая ўвага, таму што там працуюць шэсць ферм: тры малочнатаварныя і тры фермы па дарошчванню маладняка, на якіх утрымліваецца агульнай колькасцю больш за 3000 галоў буйной рагатай жывёлы. Увосень адкрыецца новы жывёлагадоўчы комплекс на 700 галоў, таму патрэбна дадаткова назапасіцца грубымі і сакавітымі кармамі, прыкладна 32 цэнтнеры на ўмоўную галаву. Генадзь Дражын са шкадаваннем канстатаваў той факт, што ў гэтым годзе надвор’е парушыла планы гаспадаркі. Шмат кукурузы, на якую разлічвалі жывёлаводы, загінула. Таму большая частка гэтай культуры пойдзе не на зерне, а на зялёную масу.
На будучыню
Неўзабаве палеткі скончыліся, а нашаму погляду адкрыліся новыя вуліцы, прыгожыя дамы ў моры кветак у аграгарадку Млынок. Кіраўнік працягваў: «Мы глядзім у будучыню з аптымізмам. Толькі ў гэтым годзе ў КСУП «Дабрынь» прыйшло сем маладых спецыялістаў. Таксама наша сельгаспрадпрыемства аказвае матэрыяльную дапамогу студэнтам, якія ў хуткім часе атрымаюць пэўныя спецыяльнасці і вернуцца ў родныя вёскі. За гэты час для іх пабудуюць пяць новых дамоў.»

Васіль Сакула



1 комментарий по теме “Жнівень знаходзіць, што поле народзіць

  1. интересно… вот и про Добринь написали.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *