Будучыня за эфірным радыё

Личности

У рэдакцыю газеты «Народны голас» у апошні час сталі частымі звароты жыхароў Ельскага раёна наконт пераходу праваднога радыёвяшчання на эфірнае. У асноўным людзей хвалююць два пытанні: чаму адключылі правадное радыёвяшчанне і дзе цяпер можна паслухаць любімыя праграмы? За тлумачэннямі мы звярнуліся да начальніка Ельскага вузла электрасувязі Мікалая Панфілава.

Панфилов
Мікалай Вячаслававіч, што стала прычынай правядзення аптымізацыі сеткі праваднога вяшчання?
– У першую чаргу падставай з’яўляюцца крытычныя тэрміны эксплуатацыі драўляных або жалезабетонных апор і іншых кампанентаў сеткі, яе далейшае выкарыстанне выклікае непакой у частцы забеспячэння пытанняў бяспекі. Нарматыўны тэрмін эксплуатацыі сеткі складае не больш за 25 гадоў (увод рабіўся яшчэ ў 80-я гады). У цяперашні час РУП «Белтэлекам» эксплуатуе разгалінаваную сетку праваднога вяшчання агульнай працягласцю больш як 70 тысяч кіламетраў. У будучыні для якаснага аказання паслуг па трансляцыі гукавых праграм праваднога вяшчання неабходныя значныя выдаткі. Акрамя таго, эксплуатацыя і абслугоўванне сеткі сёння патрабуюць немалых фінансавых укладанняў, а само вяшчанне ажыццяўляецца не больш за 18 гадзін у суткі. Аптымізацыя дазволіць прадастаўляць насельніцтву тэхнічную магчымасць кругласутачнага прыёму гукавых праграм.
І што цяпер рабіць жыхарам, для якіх радыё – такая ж надзейная крыніца інфармацыі як газета або тэлебачанне?
– Ім неабходна набыць новы адмысловы радыёпрыёмнік. Апараты знаходзяцца ў свабодным продажы ў крамах. Таксама распаўсюджваннем радыёпрыёмнікаў займаецца раённы вузел электрычнай сувязі, які знаходзіцца па адрасу: г. Ельск, вул. Ленінская, 4. Кошт новай прылады складае ў сярэднім 179000 рублёў. Дадатковая плата за карыстанне прыёмнікам і трансляцыю праграм налічвацца не будзе. У Рэспубліцы Беларусь арганізавана эфірная трансляцыя гукавой праграмы «Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё» праз эфір у УКХ-дыяпазоне абласнога і раённага вяшчання (вельмі высокія частоты), прыём якога даступны для 99,6% адсоткаў насельніцтва. Вяшчанне ажыццяўляецца ў кругласутачным рэжыме, што дазваляе ў любы час сутак прадастаўляць насельніцтву найбольш поўную і актуальную інфармацыю аб грамадска-палітычным жыцці краіны, а ў выпадку неабходнасці – аб надзвычайнай сітуацыі.
Ці абавязкова для набыцця радыёпрыёмнікаў ехаць у райцэнтр?
– Калі няма магчымасці прыехаць непасрэдна ў Ельск, можна паступіць па-іншаму. Вузел электрычнай сувязі прымае калектыўныя заяўкі і затым адшуквае магчымасць прыехаць у той ці іншы населены пункт. Напрыклад, нядаўна такі выязны продаж радыёпрыёмнікаў быў арганізаваны ў вёсцы Аляксандраўка Ельскага раёна. Нашы спецыялісты таксама могуць аказаць дапамогу ва ўсталёўцы, наладзе радыёпрыёмнікаў, даць рэкамендацыі па іх далейшым выкарыстанні. Дарэчы, многія жыхары раёна набылі апараты новага пакалення. Рушыць услед іх прыкладу могуць і іншыя. За даведкамі і дадатковай інфармацыяй трэба звяртацца па тэлефонах: 2-22-88, 2-29-99, 2-29-89.

Жанна Рынгоўская



1 комментарий по теме “Будучыня за эфірным радыё

  1. Растянули этот процесс. Тоже мне, проблему вырисовывают на пустом месте. купил приемник и слушай, что душе угодно. А лучше по ящику новости смотреть. я так считаю.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *