Я разумеў вучняў, а яны – мяне

Личности

Івана Жыгадла з вёскі Старое Высокае чытачы нашай газеты ведаюць па яго пісьмах. У іх былы настаўнік цёпла распавядае пра сваіх землякоў, дзеліцца ўспамінамі пра цяжкае пасляваеннае жыццё, услаўляе прыроду, прыгажосць навакольнага асяроддзя, філасофскі разважае пра жыццё…

Иван-Жигадло-
Нарадзіўся Іван Нікітавіч у 1936 годзе ў вёсцы Рамязы Ельскага раёна. Дзяцінства хлопчыка атрымалася кароткім: хутка пачалася Вялікая Айчынная вайна. Бацька Івана Нікітавіча загінуў на фронце, маці, сёстры і брат, дзякуй Богу, засталіся жывыя. «Памятаю, – гаворыць мужчына, – калі прыйшлі мы ў сваю родную вёску Рамязы(у час вайны сям’я жыла ў радні ў Шарыне) і ўбачылі, што там засталіся толькі груды попелу ды дзе-нідзе ўцалеўшыя чорныя печы, маці сказала: «Мы засталіся жывыя, а значыць, усё будзе добра…» Пасляваенныя гады,– прыгадвае Іван Нікітавіч, – былі цяжкімі. Вялікі дзякуй маці Феадосіі Уласаўне за тое, што выгадавала нас, вывела ў людзі».
У 1956 годзе Івана Нікітавіча прызвалі на вайсковую службу. Чатыры гады юнак адслужыў на марскім флоце ў Мурманску. Пасля дэмабілізацыі паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Мурманскага педагагічнага інстытута імя Н.К. Крупскай. «Стыпендыя студэнта была ўсяго 22 рублі. Каб падзарабіць, пасля заняткаў ішоў працаваць, – расказвае Іван Жыгадла. – Маці і так было цяжка, патрэбна было ісці на свой хлеб».
Скончыўшы інстытут, дыпламаваным маладым спецыялістам Іван Нікітавіч вярнуўся ў свой раён. Пачалася яго працоўная біяграфія ў Дуброўскай школе, дзе ён выкладаў гісторыю і геаграфію. «На працу кожны дзень ішоў з задавальненнем, – успамінае былы настаўнік. – У адносінах з дзецьмі складанасцяў не адчуваў, заўсёды знаходзіў з імі кантакт. Я іх разумеў, а яны – мяне» .
Калі з’явілася магчымасць перавесціся на працу ў родную вёску – Рамязы, Іван Жыгадла з радасцю згадзіўся. На радзіму Іван Нікітавіч пераехаў ужо разам са сваёй жонкай Нінай Міхайлаўнай. Апрача працы ў школе, дзе нагрузка паступова павялічвалася, малады настаўнік актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, браў удзел у розных мерапрыемствах.
Праз некаторы час сям’я Івана Нікітавіча і Ніны Міхайлаўны пераехала у Старое Высокае.Тут галава сям’і адпрацаваў у школе 30 гадоў. Займаўся настаўнік таксама і выхаваннем рабочай моладзі – праводзіў палітзаняткі для вяскоўцаў. Дарэчы, за выхаваўчую працу Іван Нікітавіч мае не адну ўзнагароду. Былы настаўнік памятае амаль усіх сваіх вучняў, кожнаму з якіх ён шчодра аддаваў часцінку свайго душэўнага цяпла. «Я адчуваю, што пражыў жыццё не дарэмна: выгадаваў трох сыноў, маю цудоўных унукаў, мяне паважаюць аднавяскоўцы, памятаюць вучні, не забывае маладое пакаленне», – прызнаецца мужчына.
Нягледзячы на свой паважаны узрост, у Івана Жыгадла і зараз хапае энергіі на грамадскую дзейнасць. Іван Нікітавіч часты госць на школьных мерапрыемствах, ужо 7 гадоў запар ён з’яўляецца старшынёй мясцовага савета ветэранаў. У вольны час з задавальненнем чытае кнігі і піша невялікія заметкі ў раённую газету «Народны голас».

Алеся Цярэнцева



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *