Час падводзіць вынікі

Сельское хозяйство

Жыццё кожнага жыхара нашай краіны так ці інакш залежыць ад вынікаў працы хлебаробаў, жывёлаводаў, механізатараў, усіх тых, хто з дня ў дзень працуе на зямлі, вырошчвае хлеб і гародніну, пастаўляе на нашы сталы малако, мяса і іншыя прадукты харчавання.

Гапоник
У апошні месяц восені, калі ўсе асноўныя восеньскія палявыя работы завершаны, калі ўраджай гэтага года сабраны, а зямля падрыхтаваная да таго, каб аддаць усе свае багацці ў будучым годзе, сваё прафесійнае свята адзначаюць працаўнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.
Напярэдадні свята вынікі працы аграрна-прамысловага комплексу раёна падводзіць першы намеснік старшыні Ельскага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Гапонік.
– Анатоль Генрыкавіч, адыходзячы год выдаўся няпростым для сельскагаспадарчай галіны. Але, нягледзячы на ўсе складанасці, якія вынікі працы аграрыяў і жывёлаводаў раёна?
– Прывяду некалькі лічбаў па асноўных эканамічных паказчыках. Вытворчасць валавой прадукцыі за дзесяць месяцаў гэтага года ў супастаўных цэнах склала 292 мільярда рублёў. Прырост да ўзроўню мінулага года – 107,1 %. Прадукцыйнасць працы сельскай гаспадаркі ўзрасла да ўзроўню 2013 года на 49,9 %. Узровень рэнтабельнасці ад усёй дзейнасці – 16 %.
–Які ўклад ельскіх хлебаробаў у каравай рэспублікі?
– Аграрыямі Ельскага раёна ў гэтым годзе было сабрана 32,5 тысячы тон збожжа. Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб валавы збор будучага года быў не ніжэй. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых у гэтым годзе склала 33,3 цэнтнера з гектара (прыбаўка да ўзроўню мінулага года – 8 ц/га). Найбольшую ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых атрымалі (без уліку кукурузы) у КСУП «Ельск» – 37,8 ц/га, КСУП «Саўгас «Камуніст» – 37,2 ц /га, ДП «Ельскае Полессе» – 35,4 ц/га,
– Якіх поспехаў дасягнулі ў гэтым годзе жывёлаводы раёна?
– Жывёлагадоўчая галіна сельскай гаспадаркі таксама перажывае пэўны ўздым. Мяркуйце самі, у гэтым годзе гаспадаркамі выраблена 3730 тон мяса, што вышэй за аналагічны паказчык у мінулым годзе на 9,4 %. Найлепшых вынікаў у гэтым кірунку дасягнулі ў КСУП «Ельск». Найбольшая ўдзельная вага ў вытворчасці мяса буйной рагатай жывёлы займае комплекс КСУП «Саўгас «Камуніст » – 742 тоны, ці 26,7 % ад раённага аб’ёму. У вытворчасці свініны найлепшых паказчыкаў дасягнуў КСУП «Ельск».
– Вытворчасць малака ў раёне ў бягучым годзе ўзрасла?
– За 10 месяцаў гэтага года ў Ельскім раёне выраблена 25646 тон малака (прырост склаў 102,3%). Сярэдні надой на карову ўзрос на 69 кілаграмаў і склаў 3162 кг. Радуе той факт, што адначасова з ростам вытворчасці малака ўзрасла на 5,9% яго рэалізацыя.

Лепшых вынікаў па вытворчасці малака дасягнулі жывёлаводы КСУП «Дабрынь». Валавы надой малака ў гаспадарцы дасягнуў 3760 тон, ад адной каровы атрымана 3110 кілаграмаў малака, што да ўзроўню 2013 года састаўляе 121,1 %. Сярэдні ўдой павялічыўся на 715 кілаграмаў.
– Ці звязваеце Вы далейшае развіццё малочнай галіны раёна з будаўніцтвам і рэканструкцыяй ферм?
– Вядома. Для дасягнення больш высокіх паказчыкаў у вытворчасці малака ў гэтым годзе будзе здадзена ў эксплуатацыю сучасная малочнатаварная ферма на 600 галоў дойнага статка ў КСУП «Дабрынь». Завершана будаўніцтва хлява ў КСУП «Саўгас «Камуніст». Плануецца новае будаўніцтва малочнатаварнай фермы «Валаўск». На сённяшні дзень зроблены бягучыя рамонтныя работы жывёлагадоўчых памяшканняў. Аднаўляюцца бытавыя памяшканні на фермах, добраўпарадкоўваюцца тэрыторыі малочнатаварных комплексаў.
– Анатоль Генрыкавіч, у бліжэйшую нядзелю аграрыі раёна адзначаюць сваё прафесійнае свята. Што б Вы хацелі пажадаць сваім калегам у гэты дзень?
– Я глыбока перакананы, што вернасць сялянскаму абавязку, любоў да зямлі абавязкова прынясуць адчувальныя вынікі ў адраджэнні вёскі і развіцці аграпрамысловага комплексу раёна і рэспублікі ў цэлым. Работнікам сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці я жадаю захаваць свае лепшыя традыцыі, удасканальваць вопыт, каб радаваць землякоў багатымі ўраджаямі і, адпаведна, багаццем тавараў на прылаўках магазінаў. Я жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту, новых працоўных перамог!

Алесь Таполя



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *