Моцная сацыяльная палітыка, клопат аб чалавеку — вышэйшыя мэты дзяржавы

Местные власти

 

          Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня прыняў удзел у пасяджэнні шостай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры прадстаўленні на пасаду прэм’ер-міністра. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі дала згоду на назначэнне Андрэя Кабякова прэм’ер-міністрам Беларусі. Рашэнне аб дачы згоды на гэта назначэнне было праведзена праз тайнае галасаванне, у якім прынялі ўдзел 106 дэпутатаў.

          16 студзеня на пасяджэнні сёмай пазачарговай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу члены Савета Рэспублікі выбралі сваім старшынёй Міхаіла Мясніковіча. Аляксандр Лукашэнка выступіў на гэтым пасяджэнні пры прадстаўленні на пасаду старшыні праўлення Нацыянальнага банка. Савет Рэспублікі даў згоду на назначэнне Паўла Калаура старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што паставіў задачу ўраду пачаць работу над праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што важнейшыя прыярытэты дзяржаўнай эканамічнай палітыкі застаюцца ранейшымі.

«У цэнтры ўвагі павінны быць развіццё чалавечага патэнцыялу, стымуляванне дзелавой ініцыятывы, прадпрымальніцтва, рост і збалансаванасць знешняга гандлю, устойлівае развіццё рэгіёнаў, якаснае даступнае жыллё і прадукты харчавання«, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Моцная сацыяльная палітыка, клопат пра чалавека, увага да моладзі, стварэнне камфортных умоў для жыццядзейнасці людзей — былі, ёсць і будуць вышэйшымі мэтамі нашай дзяржавы», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што краіна перажывае складаны перыяд і цяперашняму ўраду будзе няпроста. Аднак, на думку кіраўніка дзяржавы, ёсць і станоўчыя моманты. «Тое, што нам сёння не трэба думаць аб выпрацоўцы нейкіх новых напрамкаў. У нас перад урадам няма праблемы: а як быць, а як працаваць? Мы ўжо ўсё паспрабавалі не проста тэарэтычна, у букварах недзе, у кніжках пачыталі і думаем: падыдзе — не падыдзе. Мы гэта на практыцы праверылі. Выбірай сёння любы інструмент і дзейнічай. Мы ведаем, куды ісці, як ісці, што трэба рабіць у працэсе гэтага шляху — усе органы ўлады і кіравання гэта ведаюць. І гэта вялікае дасягненне. Але гэта яшчэ не ўсё. Трэба яшчэ браць інструменты і пачынаць працаваць. І трэба ісці, а не стаяць. Ні ў якім разе нельга спыняцца! Я часта кажу ў больш цесным асяроддзі: лепш ісці і недзе дапусціць памылку, чым стаяць на месцы», — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на тое, што ўраду трэба больш увагі ўдзяляць аналізу тэндэнцый развіцця праз прызму сусветных і рэгіянальных эканамічных працэсаў, ствараць прагнозныя мадэлі дзеянняў і магчымых рашэнняў. «Прадбачыць, а не проста даводзіць заданні», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт таксама папрасіў мець гэта на ўвазе пры падрыхтоўцы праграмы дзейнасці ўрада, якая згодна з Канстытуцыяй у двухмесячны тэрмін павінна быць прадстаўлена парламенту.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, трэба, у тым ліку пад эгідай Савета дэпутатаў, пашыраць практыку грамадскіх абмеркаванняў важнейшых рашэнняў, уключаючы тым самым грамадзян у кіраванне дзяржавай, ствараючы надзейны бар’ер карупцыі.

Гаворачы аб кадравай палітыцы, Прэзідэнт адзначыў, што яна павінна арыентавацца на пошук і выхаванне новых, перспектыўных людзей, здольных па-сучаснаму мысліць і генерыраваць эфектыўныя рашэнні.

«Сёння жыццё патрабуе максімальнай сабранасці, аператыўных і зладжаных дзеянняў усіх дзяржаўных органаў па ключавых напрамках унутранай і знешняй палітыкі. Калі не аб’яднаемся, не аб’яднаем нашы рэсурсы, здольнасці, магчымасці, таленты — мы не выстаім!» — лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Самая вялікая пагроза — не пятая калона, не апазіцыя, не вайна з боку Усходу, Захаду, як тут нас некаторыя палохаюць. Самая вялікая небяспека для нас тоіцца ў нас саміх, эканоміцы», — адзначыў Прэзідэнт. Ён растлумачыў, што для таго, каб пазбегнуць нейкіх нечаканасцей, і фарміруе перш за ўсё моцнае эканамічнае ядро.

«Агульнымі намаганнямі мы зможам пераадолець любыя перашкоды, якія б ні існавалі перад намі, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Нічога асаблівага ў гэтым выпадку і складанага для нас няма. Мы вырашалі і ведаем, як вырашаць гэтыя задачы. І я ўпэўнены, што мы іх вырашым».

Па матэрыялах БелТА

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *