Адна з лепшых даярак КСУП «Ельск» жыве і працуе ў вёсцы Дзвіжкі

Сельское хозяйство

Ужо больш за дзесяць гадоў у КСУП «Ельск» аператарам машыннага даення працуе Марыя Вярбіла. Марыя Міхайлаўна не першы год уваходзіць у клуб даярак-пяцітысячніц, а гэта годнае званне зарабляецца штодзённай карпатлівай працай. Адна з лепшых даярак гаспадаркі жыве і працуе ў вёсцы Дзвіжкі.

Вербило-Мария
Яе нагрузцы не пазайздросціш, зараз у дасведчанага аператара «на забеспячэнні» знаходзіцца 53 навацельныя каровы, але ўсе цяжкасці Марыя Вярбіла пераадольвае стараннасцю і жаданнем атрымаць годны вынік. Марыя Міхайлаўна не толькі выступае ў ролі аператара, але і як дыягност вызначае першыя прыкметы такога небяспечнага захворвання, як мастыт, спецыяльна пазначае, запісвае нумары тых жывёл, якія кульгаюць, маюць праблемы з вымем, а затым перадае ўсе дадзеныя спецыялісту. Яна настолькі з душой ставіцца да сваёй справы, перажывае за самаадчуванне і стан здароўя каровак, што, часам не чакаючы прыезду ветэрынарнага ўрача, аказвае першую неабходную дапамогу рагулям. А вызначыць стан здароўя падапечных жывёл дапамагае шматгадовы вопыт працы аператарам машыннага даення. За плячыма жанчыны 25 гадоў працоўнага стажу даяркай. Дапамагае Марыі Вярбіла даглядаць за рагулямі яе муж, які тут жа працуе жывёлаводам.

– Кожную карову ў «твар» даведацца немагчыма, але, каб дамагчыся добрага выніку, без індывідуальнага падыходу ў гэтай справе не абысціся, – лічыць Марыя Міхайлаўна.

– Вы ўяўляеце, што такое якасна падаіць 50 кароў тры разы за дзень (у 4 раніцы, 12.00 і 18.00)? – пытаецца брыгадзір малочна-таварнага комплексу «Дзвіжкі» Галіна Шаўцова. – Гэта паўтары сотні галоў за дзень. Згадзіцеся, вельмі вялікая нагрузка. Мала таго, Марыя Міхайлаўна вельмі адказна ставіцца да сваёй працы, вельмі чула рэагуе на стан жывёл, заўсёды выконвае тэхналагічную дысцыпліну. Такіх працаўніц мала. Марыя Міхайлаўна – наша надзея і апора. Яна ўкладвае ўсю душу ў працу. З’яўляецца добрым настаўнікам для маладых даярак. Абавязкова дасць слушную параду, падкажа. Яна адказная ва ўсім, справядлівая. І так было заўсёды, на якім бы месцы Марыя Міхайлаўна не працавала: на ферме, у малочным цэху, або зараз, раздойваючы навацельных кароў – заўсёды і ўсюды парадак. Але самае галоўнае – яна ніколі не сумуе. І як бы цяжка ні было, усё роўна ўстае з зарой, і, незалежна ад надвор’я, спяшаецца на працу да сваіх каровак. Але пра дом яна таксама не забывае: заўсёды чыста, акуратна, а летам кветнік такі яркі і стракаты, што проста хоць на выставу выстаўляй.

Васіль Сакула



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *