Пара выходзіць з кабінетаў і займацца канкрэтнай вытворчасцю

Актуальное

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе членаў урада і старшынь

аблвыканкамаў на непасрэдны практычны ўдзел у вырашэнні тых ці іншых

пытанняў у развіцці краіны і асобных галін ва ўмовах існуючых цяжкасцей у

эканоміцы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе па актуальных

пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця, якая прайшла 26 лютага.

«Нягледзячы на некаторыя станоўчыя вынікі ў асобных галінах з пачатку 2015 года, у цэлым эканоміка не расце. Адстае прамысловасць, павялічваюцца запасы на складах і ўзаемныя неплацяжы. Пакуль не спрацоўваюць прымаемыя меры падтрымкі экспарту. І ўсё гэта пачынае ўплываць на людзей. Рэальныя даходы не растуць», — канстатаваў Прэзідэнт.

zoom-22315034544

«Мы ведаем, што такія праблемы сёння не толькі ў нас. Але нельга ўсё звальваць на знешнія фактары», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад кіраўніцтва ўрада прадставіць не толькі справаздачу аб бягучай сітуацыі, але і выказаць канкрэтныя прапановы, а таксама далажыць аб выкананні раней дадзеных даручэнняў. «Даўно пара ўжо вылазіць з кабінетаў і займацца канкрэтнай вытворчасцю. Сёння гэта пытанне нумар адзін, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вы прынялі праграму дзеянняў, далажылі яе дэпутатам, як і належыць па заканадаўстве. Але мяне сёння цікавіць не гэта. Распрацаваныя вамі сцэнарыі — тры-пяць або дзесяць — гэта выключна ваша справа. Мяне цікавіць тэндэнцыя, зрухі, што зроблена для таго, каб элементарна, прадаўшы прадукцыю, атрымаць грошы».

Прэзідэнт строга папярэдзіў аб недапушчальнасці наяўнасці пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці за пастаўленую за мяжу прадукцыю. «Гэта крымінальнае злачынства. Мы ўжо вывелі гэту праблему на ўзровень пракурораў Беларусі і Расіі», — адзначыў Прэзідэнт.

Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў далажыў на нарадзе аб стане спраў у эканоміцы і планах урада па вырашэнні існуючых праблем. Паводле яго слоў, снежаньскі шок ад дэвальвацыі расійскага рубля, фактычнае сцісканне ўнутранага расійскага рынку вельмі негатыўна паўплывалі на беларускую эканоміку. «Відавочна, што жорсткія меры балансіроўскі эканомікі, якія былі рэалізаваны ў снежні-студзені, не маглі не паўплываць на рэальны сектар і яго фінансавы стан. Таму сёння да задачы аднаўлення нармальнай работы прамысловасці ў шырокім яе разуменні зводзяцца ключавыя пытанні эканамічнай палітыкі. На гэта завязаны банкаўская сістэма, экспарт, занятасць і даходы насельніцтва», — сказаў Андрэй Кабякоў.

Прэзідэнту на нарадзе было даложана, што ў лютым сітуацыя па асобных галінах, на валютным рынку і ў фінансавай сферы ў цэлым у значнай ступені стабілізавалася. Урад рэалізуе комплекс мер па стымуляванні экспарту беларускіх тавараў, ставячы мэту максімальна дыверсіфікаваць знешнія рынкі. Абмяркоўваліся на нарадзе і тэмы імпартазамяшчэння, забеспячэння належнай якасці вырабляемай прадукцыі.

Праграму дзейнасці ўрада на 2015 год адобрылі беларускія дэпутаты.Адпаведнае рашэнне прынята 25 лютага на пасяджэнні шостай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.

Галоўнай мэтай дзейнасці ўрада на гэты год вызначана забеспячэнне макраэканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ва ўмовах нарастання знешніх выклікаў і пагроз, якаснае завяршэнне бягучай пяцігодкі і стварэнне ўмоў для дынамічнага эканамічнага развіцця Беларусі ў 2016-2020 гадах і доўгатэрміновай перспектыве. У ліку важнейшых мэт — правядзенне эфектыўнай макраэканамічнай і грашова-крэдытнай палітыкі, мадэрнізацыя сістэмы дзяржаўнага рэгулявання эканомікай, развіццё канкурэнцыі, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, нарошчванне і дыверсіфікацыя экспарту, паслядоўнае паглыбленне інтэграцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, распрацоўка праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2016-2020 гады.

Урадам і Нацыянальным банкам падрыхтаваны сцэнарныя прагнозы развіцця эканомікі краіны на бягучы год у залежнасці ад цаны на нафту і дынамікі курса расійскага рубля, якія з’яўляюцца найбольш непрадказальнымі параметрамі, што ўплываюць на макраэканамічную сітуацыю ў Беларусі. Для кожнага са сцэнарыяў распрацаваны меры рэагавання і эканамічнай балансіроўкі.

Па матэрыялах БЕЛТА

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *