Ельскі турнір па міні-футболе памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Спорт

 На працягу трох дзён, 3 24 па 26 сакавіка, у Ельскім раённым фізкультурна-аздараўленчым комплексе шэсць каманд з двух абласцей Беларусі сапернічалі за права называцца лепшай і стаць ўладальніцай кубка.

IMG_1763IMG_1773
Урачыстая цырымонія адкрыцця традыцыйна пачалася з параду удзельнікаў спаборніцтваў. Спарцменаў і гасцей турніра павітала намеснік старшыні Ельскага райвыканкама Галіна Ільюк. Яна адзначыла, што гэтыя спаборніцтвы – даніна памяці нашым землякам, воінам-інтэрнацыяналістам, якія з гонарам выканалі свой воінскі абавязак у Афганістане. Галіна Міхайлаўна пажадала юным спарцменам годна выступіць на спаборніцтвах. Свае вітанні, а таксама пажаданні ў дасягненні перамог юным футбалістам адрасавалі старшыня Ельскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Сяргей Захарэнка, намеснік ваеннага камісара Ельскага раённага ваеннага камісарыята Аляксандр Рудэня, афіцыйны прадстаўнік Бельгійскай кампаніі «Патрык» у Рэспубліцы Беларусь Іван Шорц і многія іншыя. Камандам былі ўручаны духмяныя караваі хлеба, якія спяклі пекары Ельскага хлебазавода. Завяршылася цырымонія адкрыцця музычным нумарам, які выканалі выхаванцы ясляў-сада № 1 г. Ельска.

IMG_1786IMG_1761IMG_1782
Падчас турніру было сыграна пятнаццаць матчаў, і ўсе іх можна назваць прынцыповымі. За тры дні спаборніцтваў было забіта больш за 90 галоў. Самым «галявым» стаў матч паміж камандай з Гомеля і Ельск 1, дзе мяч 11 разоў заляцеў у рамку. Але самым прынцыповым, баявым і гарачым па напале стаў матч за трэцяе месца паміж гаспадарамі турніру камандай ДЮСШ РАП работнікаў АПК і гасцямі з Рэчыцы, наймацнейшай камандай Гомельскай вобласці. Але яльчане не саступілі і выйгралі гульню з лікам 6:4. Галоўны суддзя спаборніцтваў Андрэй Байкоўскі абвясціў пераможцаў у чатырох гульнявых намінацыях і ўладальнікаў спецыяльных прызоў, заснаваных арганізатарамі турніру. Прыемна адзначыць, што лепшым бамбардзірам (забіў 13 галоў) стаў Веніямін Котаў (Ельская ДЮСШ РАП работнікаў АПК), а прыз сімпатый гледачоў дастаўся Антону Котаву (Ельская ДЮСШ РАП работнікаў АПК). Адмысловымі прызамі былі ўзнагароджаны лепшыя ігракі, па меркаванні чайна-кававай кампаніі «Караван». Прызы ўручыў вялікі аматар футбола Мікалай Ціценка. Камандам, якія не ўвайшлі ў тройку прызёраў (сярод іх апынулася і другая Ельская каманда), былі ўручаны граматы і памятныя вымпелы за ўдзел у турніры.

IMG_1754IMG_1767
Трэцяе месца ў спаборніцтвах заняла каманда Ельскай ДЮСШ РАП работнікаў АПК, другое – СДЮШАР 1 г. Мазыра. Яны былі ўзнагароджаны бронзавымі і сярэбранымі медалямі, дыпломамі адпаведных ступеняў ад Ельскай РАП работнікаў АПК. Галоўны прыз спаборніцтваў – пераходзячы кубак і залатыя медалі – Галіна Ільюк, намеснік старшыні райвыканкама, і Юрый Яначкін, ваенны камісар Ельскага раёна, уручылі пераможцам турніру – юным футбалістам ДЮСШ ДСК г. Гомеля
Трэнер каманды-пераможцы Вадзім Чачот адзначыў, што турнір прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні, юныя футбалісты яго каманды будуць вельмі рады яшчэ раз прыехаць на спаборніцтвы.

IMG_1789IMG_1794
Кубак у гэтым годзе паехаў у Гомель. Але роўна праз год ён вернецца назад у Ельск, дзе будзе праходзіць чарговы турнір па міні-футболе памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Вось тады мы і даведаемся, ці змогуць ельчане зноў стаць уладальнікамі гэтага запаветнага футбольнага трафея.

IMG_1795IMG_1796IMG_1727



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *